«Новы Час» — сярод самых талерантных медыя ў асвятленні навін пра ЛГБТ+

Беларуская арганізацыя Journalists for Tolerance («Журналісты за талерантнасць») падсумавала вынікі мінулага года для мясцовых СМІ з пункту гледжання асвятлення пытанняў, звязаных з ЛГБТК+.

39376704_303.jpg

Усяго праз маніторынг прайшло 161 беларускае медыя. У кожнай публікацыі, звязанай з ЛГБТК+, фіксаваліся звесткі пра ключавыя словы і выкарыстанне там мовы варожасці.
Вось некалькі фактаў паводле маніторынгу:
— Часцей за ўсё ў матэрыялах з мовай варожасці сустракаліся агульныя абазначэнні людзей-ЛГБТК+ і слова «гей».
— Самая жорсткая рыторыка – на адрас лесбіянак. У даследаванні гэта звязваюць з тым, што калі словам «гей» часцяком могуць пазначаць усю групу ЛГБТК+, то пры згадванні лесбіянак пазіцыя становіцца выразней і больш жорсткай.
 — Асноўныя тыпы мовы варожасці не моцна змяніліся. Лідарамі па-ранейшаму застаюцца зніжаная лексіка («сексуальныя меншасці»), стварэнне негатыўнага вобраза («спрыялі распаўсюджванню ВІЧ») і ўказанне на «іх» негатыўны ўплыў на грамадства.
— Але са спісу знікла цытаванне гома- і/або трансфобных меркаванняў, якія было складана адрозніць ад пазіцыі журналіста. Летась гэты прыём займаў пятае месца, сёлета яго не аказалася нават у дзясятцы.
— У параўнанні з 2017 годам доля публікацый са згадваннем ЛГБТК+ вырасла. Калі раней гэта была кожная 400-я публікацыя, у мінулым годзе была ўжо кожная 300-я. Разам з гэтым, праўда, вырас і ўзровень выкарыстання мовы варожасці: сярэдні бал падняўся з 6,3 да 8,6.
— Самымі талерантнымі медыя Беларусі сталі kyky.org, «Новы Час» і 34mag.net.
— Самымі неталерантнымі – tut.by, ex-press.by і «Белсат».
Адзін з заснавальнікаў Journalists for Tolerance Алег Ражкоў – пра гісторыю арганізацыі, вынікі маніторынгу і прагнозы на будучыню:
– У 2009 годзе я ўдзельнічаў у крутым праекце ад IFJ (International Federation of Journalists) і Беларускай асацыяцыі журналістаў пад кодавай назвай «Маладыя лідары БАЖ». Па выніках ад нас чакалі запускі новых інфармацыйных кампаній. Мы з калегамі прапанавалі «За талерантнасць».
Праўда, яе «зарубіла» кіраўніцтва. Але, можа, яно і да лепшага, паколькі ідэя натхніла нас на стварэнне паўнавартаснай арганізацыі, якая паставіла перад сабой мэту павысіць бачнасць прадстаўнікоў уразлівых груп у СМІ і процідзейнічаць мове варожасці. Сярод усіх груп мы вырашылі сфакусавацца ў першую чаргу на ЛГБТ, бо ў той час журналісты ігнаравалі гэтую тэму. Калі ты пісаў пра геяў, то гэта практычна аўтаматычна азначала, што ты сам гуляеш «не за тую каманду».
Для таго каб намацаць пункт адліку, мы правялі першы маніторынг асвятлення ЛГБТ-тэматыкі ў СМІ. Ён быў далёкі ад паўнавартасных даследаванняў медыя, якія мы робім цяпер, але ўсё ж паказаў асноўныя трэнды: пра ЛГБТ пісалі толькі ў кантэксце свецкай хронікі, напрыклад абсмоктваючы апошні кліп Барыса Маісеева, альбо як пра прадстаўнікоў палітычнага руху: прайшлі з парадам, памахалі сцягам, былі затрыманыя. За дзесяць гадоў карціна змянілася ў лепшы бок.
Летась асноўную хвалю матэрыялаў, прысвечаных ЛГБТК+, справакавалі сілавікі. Спачатку ў Міжнародны дзень барацьбы з гамафобіяй на сайце МУС нам прадставілі гамафобны маніфест – з нагоды з'яўлення вясёлкавага сцяга над пасольствам Вялікабрытаніі. А затым алею ў агонь падліў кіраўнік ведамства Ігар Шуневіч. У эфіры АНТ, выкарыстоўваючы зонаўскую лексіку, ён ахрысціў грамадзян сваёй краіны «дзіравымі». Актыўнае асвятленне гэтых падзей падняло ўверх сярэдні ўзровень мовы варожасці ў СМІ ў параўнанні з папярэднім годам. І справа не столькі ў саміх выказваннях, колькі ў тым, што яшчэ не выпрацаваны механізмы, якія дазваляюць апублікаваць матэрыял пра дыскрымінацыйны выказванні, не ператвараючыся пры гэтым у трыбуну для некарэктнай рыторыкі.
Казаць пра тое, як складзецца сітуацыя ў 2019 годзе, раўназначна варажбе на кававай гушчы. У незалежных СМІ развіваецца трэнд на талерантную, сацыяльна-адказную журналістыку. Тэма ЛГБТК+ больш не з'яўляецца настолькі табуяванай. Выходзяць моцныя праваабарончыя тэксты і тонкія х’юман-cторы, з'яўляюцца новыя актывісты, якія не баяцца паказваць свой твар і дзяліцца сваім вопытам. Аднак асноўная частка публікацый усё яшчэ застаецца сітуацыйнай. І таму нейкія гучныя падзеі ці выказванні могуць унесці ў інфармацыйнае поле непрадказальныя карэктывы.
Паводле 34mag.net