Па 4 гады калоніі — агучылі прысуд дырэктару друкарні і адміністратару тг-канала «Атоліна»

Сёння ў Мінгарсудзе агучылі прысуды палітзняволенаму дырэктару прыватнай друкарні Арцёму Федасенку і адміністратару telegram-канала "Атоліна" Паўлу Юхневічу, паведамляюць праваабаронцы.
Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

Суд цягнуўся у закрытым рэжыме тыдзень. Арцёма Федасенку і Паўла Юхневіча абвінавачвацілі ў вырабе і распаўсюдзе "пратэсных улётак, стыкераў, газет", а таксама ва ўдзеле ў нядзельных маршах у жніўні-верасні 2020 года і кваліфікавалі іх дзеянні паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса: 342 (удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) і ч. 3 арт. 361 (распаўсюд матэрыялаў, што змяшчаюць заклікі да здзяйснення дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь). Мужчын судзілі за друк і распаўсюд БЧБ-стыкераў да Дня волі, газет "Гродненское время", "Честная газета", "Народная воля". Суддзя Валянціна Зянькевіч прызнала Федасенку і Юхневіча вінаватымі па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса і асудзіла на чатыры гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму кожнага.

3 студзеня суддзя Валянціна Зянькевіч па хадайніцтве пракурора Аляксандра Рамановіча зрабіла працэс закрытым з прычыны "наяўнасці ў крымінальнай справе матэрыялаў, што змяшчаюць заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці" і "ў мэтах забеспячэння бяспекі эксперта Князева і аховы таямніцы следства". Юхневіч і Федасенка выступалі супраць закрыцця судовага пасяджэння, але іх меркаванне не паўплывала на рашэнне суддзі. Дарэчы, адной з прычын нядаўняга правядзення судовага пасяджэння ў Мінгарсудзе над 21-гадовым палітзняволеным расіянінам Ягорам Дуднікавым у закрытым рэжыме выступала "абарона спецыяліста Князева".
Абвяшчэнне абвінавачвання праходзіла ўжо ў закрытым рэжыме. Але інфармацыю пра гэтую крымінальную справу раней публікавала прэс-служба Следчага камітэта.

40-гадовы Павел Юхневіч быў затрыманы 19 сакавіка 2021 года супрацоўнікамі ДАІ на трасе каля Мінска. У машыне яны знайшлі "пратэсныя ўлёткі, газеты" і г.д. Паводле паведамлення СК, у Юхневіча былі вынятыя "тысячы асобнікаў газет пратэснага характару, стыкераў з незарэгістраванай сімволікай і ўлётак".

"Паводле даных следства, паказаная прадукцыя прызначалася для распаўсюду на тэрыторыі г. Мінска, Мінскай, Магілёўскай, Гомельскай і Гродзенскай абласцей. Акрамя гэтага, мужчына з дапамогай адміністраванага ім Telegram-канала распаўсюджваў электронныя версіі вышэйпаказаных газет і ўлётак".

Што характэрна, МУС апублікавала відэа затрымання Паўла і інфармацыю пра яго. Прэс-служба МУС адзначыла, што мужчына на момант затрымання працаваў на прыватным прадпрыемстве па стварэнні рэкламы, у мінулым — відэаінжынер на тэлебачанні, у 2020 годзе ўваходзіў у штаб кандыдата ў прэзідэнты Віктара Бабарыкі, а таксама неаднаразова ўдзельнічаў у так званых нядзельных маршах у Мінску. У ведамстве яго адразу пасля затрымання называлі адміністратарам telegram-канала "Атоліна".

Аднак адразу Паўла прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці. Пасля затрымання на дарозе яго даставілі ў РУУС і склалі пратакол не за парушэнне заканадаўства пра СМІ, як гэта сцвярджалі ў МУС, а за непадпарадкаванне пры затрыманні паводле арт. 24.3 КаАП. Хоць на апублікаваным відэа выразна бачна, што непадпарадкаванне Юхневіч не аказваў абсалютна, а толькі сказаў, што на ўсе пытанні будзе адказваць у прысутнасці свайго адваката.

Справу Юхневіча суддзя Мінскага раёна Аляксей Кропачаў разгледзеў толькі 22 сакавіка. Адвакат Паўла заявіў, што 72-гадзінавы тэрмін з моманту затрымання ўжо скончыўся, але суддзя працягнуў разгляд справы нават пасля завяршэння працоўнага дня. У выніку суддзя Кропачаў прызнаў Паўла Юхневіча вінаватым у непадпарадкаванні і пакараў мужчыну 15-сутачным арыштам. Аднак з "сутак" мужчына так і не выйшаў — супраць яго завялі крымінальную справу.

5 чэрвеня МУС паведаміла пра затрыманне дырэктара прыватнай друкарні па вытворчасці рэкламы Арцёма Федасенкі, аднак адбылося гэта яшчэ 23 траўня. Пасля затрымання з ім з'явілася "пакаяннае відэа". Паводле версіі СК, менавіта ён са жніўня 2020 года займаўся вырабам паліграфічнай прадукцыі, якую распаўсюджваў Юхневіч. Але Федасенку таксама абвінавацілі ў распаўсюдзе друкаванай прадукцыі.

Арцём Федасенка

Арцём Федасенка


"Агулам абвінавачаны вырабіў больш за 21 тысячу асобнікаў газет радыкальнага характару і больш за 10 тысяч улётак", — сцвярджала ведамства.

Паводле абвінаваўчай версіі, сваімі дзеяннямі Федасенка і Юхневіч здзяйснялі дзеянні, накіраваныя на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь.

"Дзеля рэалізацыі сваёй злачыннай мэты пасродкам вышэйпаказаных друкаваных рэсурсаў яны неаднаразова распаўсюджвалі інфармацыйныя матэрыялы, выкарыстоўваючы метады, накіраваныя на дэстабілізацыю становішча ў краіне, штучнае нагнятанне напружанасці і супрацьстаяння ў грамадстве, распаўсюд ідэалогіі экстрэмізму, а таксама аслабленне ў грамадстве пачуцця патрыятызму".

Згодна з версіяй абвінавачання, Федасенка і Юхневіч "распаўсюджвалі непраўдзівую інфармацыю, заклікі да дэзарганізацыі сістэмы дзяржаўнага кіравання, дыскрэдытуючы Рэспубліку Беларусь на міжнароднай арэне. У сваіх злачынных дзеяннях яны мелі на мэце ўзнікненне ў Беларусі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, падвяргаючы небяспецы жыццё і здароўе грамадзянаў, тэрытарыяльную цэласнасць і існаванне дзяржавы".

На апублікаваных МУС і СК фота і відэа канфіскаваных матэрыялаў можна вызначыць, пра якія канкрэтна "матэрыялы пратэснага характару" ішла гаворка ў абвінавачанні: гэта БЧБ-стыкеры да Дня волі "Горад наш! 25.03", газеты-самвыдат "Гродненское время", "Честная газета", "Народная воля".

Гэтыя дзеянні кваліфікаваныя следчымі паводле ч. 3 арт. 361 КК — распаўсюд матэрыялаў, што змяшчаюць заклікі да здзяйснення дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, з выкарыстаннем глабальнай камп'ютарнай сеткі інтэрнэт. Па гэтым артыкуле абвінавачаным пагражла да сямі гадоў калоніі.

Акрамя гэтага, Федасенка і Юхневіч абвінавачваліся ва ўдзеле ў акцыях пратэсту ў Мінску ў жніўні-верасні 2020 года.

"Падчас паказаных супрацьзаконных акцый мелі месца факты блакавання дарог, непадпарадкавання законным патрабаванням прадстаўнікоў улады і парушэнняў спакою грамадзянаў", — заяўлялі ў СК.

Таму іх судзілі яшчэ і паводле ч. 1 арт. 342 КК — актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаныя з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады, што пацягнула парушэнне працы транспарту.

Прэс-служба таксама адзначыла, што абодва раней не судзімыя і мелі добра аплачваную працу. Юхневіч знаходзіцца пад вартай з 19 сакавіка, а Федасенка — з 23 траўня 2021 года.

14 студзеня ў Мінгарсудзе агучылі прысуды палітзняволенаму дырэктару прыватнай друкарні Арцёму Федасенку і адміністратару telegram-канала "Атоліна" Паўлу Юхневічу. Па ч. 3 арт. 361 КК — па 4 гады кожнаму, а па ч. 1 арт. 342 КК суддзя пакарала Федасенку 2 гадамі калоніі, а Юхневіча — да 1,5 года. У выніку, Арцём Федасенка і Павел Юхневіч прыгавораныя да чатырох гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах калоніі агульнага рэжыму кожны.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: