Па дарозе ў Хатынь затрыманыя грамадскія актывісты
Па дарозе ў мемарыяльны комплекс "Хатынь" затрыманыя чатыры актывісты руху салідарнасці "Разам".
![Ілюстрацыйнае фота / intex-press.by Ілюстрацыйнае фота / intex-press.by](/img/v1/images/milicyja_2203.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Ілюстрацыйнае фота / intex-press.by
Пра гэта ў Фэйсбуку паведаміў сустаршыня аргкамітэта Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Павел Севярынец.
"Затрыманыя чатыры сябры Руху Салідарнасці "Разам", глядзіце стрым. Надзея Батура, айцец Вікенцій, Сяржук Мацкойць і кіроўца. Ехалі ў Хатынь ускласці кветкі", — напісаў Севярынец.
Як паведамляе Надзея Батура на сваёй старонцы ў фэйсбуку, прычынай затрымання стала абвінавачанне ва ўгоне невядомага аўтамабіля. Акалічнасці той справы невядомыя.
Вядома, што актывістаў даставілі ў РУУС Савецкага раёна Мінска. Пазней кіраўнік Руху Салідарнасці “Разам” Вячаслаў Сіўчык паведаміў у фэйсбуку: "Тры чалавека ўжо на волі. Чакаюць кіроўцу, які яшчэ ў РУУСе".
У Хатыні сёння праводзіцца Дзень памяці, прымеркаваны да чарговай гадавіны з дня спалення вёскі.
Паводле euroradio.fm, spring96.org