Па мінскаму метро курсуе вагон з "Пагоняй" (фота)

30 снежня актывісты грамадскага аб'яднання "Альтэрнатыва" (рэгістрацыя ў Латвіі) у адным з вагонаў мінскага метро ад імя старажытнага герба "Пагоня" зладзілі святочнае віншаванне пасажыраў з навагоднімі святамі.



У вагоне былі размешчаны адмысловыя плакаты і налепкі — "Пагоня" віншуе", "Беларусы! Жадаем вашым сэрцам сапраўднай літоўскай мужнасці!", "Герб Рэспублікі Беларусь", з вершу М.Багдановіча: "Старадаўняй Літоўскай Пагоні не разбіць, не спыніць, не стрымаць!". На дзвярах налепкі — "Не прыхінайся! Інакш выпадзеш з вагона і не зможаш стаць сапраўдным беларусам!". 

Па стану на 15.30 вагон з "Пагоняй" усе яшчэ паспяхова курсуе па аўтазаводскай лініі сталічнага метро. Па словах удзельнікаў акцыі, пасажыры з цікавасцю ставіліся да такой імпрэзы, для многіх гэта было нечаканым і прыемным.    

"З дапамогай такой акцыі мы хочам працягнуць хвалю папулярызацыі сярод нашага грамадства сапраўдных нацыянальных сімвалаў Беларусі — бел-чырвона-белага сцяга і герба "Пагоня". Гэтая сімволіка для кожнага беларуса мусіць быць гонарам і пашанай, а таксама той каштоўнасцю, якая ў хуткім часе зможа кансалідаваць увесь беларускі народ", — лічыць кіраўніцтва "Альтэрнатывы".   

Паводле прэс-службы "Альтэрнатывы"