«Пачуліся крыкі «Забіваюць!» Што вядома пра дзіўную гісторыю ў Серабранцы?
Увечары 8 лістапада ў доме па праспекце Ракасоўскага ў Мінску знайшлі цела 33-гадовай жанчыны. З балкона той жа кватэры выпаў мужчына — яе муж. Ён жывы, у цяжкім стане знаходзіцца ў бальніцы. Вядома, што ў жанчыны на целе кулявое раненне. Паводле непацверджанай інфармацыі, вядзецца пошук забойцы, муж жанчыны, магчыма, не злачынца, а таксама ахвяра. «Наша Ніва» пагаварыла са сведкай здарэння.
«Было недзе 17.30. Я ішла міма, спачатку не зразумела, што адбываецца. Пачула крыкі: "Дапамажыце, забіваюць!" — расказала суразмоўца. — І чамусьці падумала, што гэта крычаць нейкія падлеткі: проста неўсур’ёз, прыкалваюцца.
Я спынілася, пачала шукаць вокны, адкуль крык. Людзі побач
сталі таксама спыняцца. Падумала, што крыкі мужчынскія, але хтосьці з мінакоў
сказаў, што жаночы.
Пасля я ўбачыла адкрыты балкон на пятым паверсе, з яго
штосьці паляцела, нейкія рэчы. Зноў пачуліся крыкі: "Дапамажыце, выклікайце
міліцыю, забіваюць! Забіваюць!" Маладая пара побач са мною пачала званіць у
міліцыю.
Тут рэзка на балкон з кватэры выскачыў мужчына ў майцы і
трусах. Ён проста вылецеў, бачна, што бег ад кагосьці ці чагосьці, ратаваўся.
Дзверы на балкон былі адкрытыя — ён выскачыў і неяк за секунду пераскочыў на
знешні бок свайго балкона і трымаўся рукамі.
Можа ён хацеў спусціцца на балкон чацвёртага паверха, што
быў адкрыты? Не ведаю. Але той мужчына сарваўся і ўпаў.
Я падумала — усё, канец. Мне стала страшна, я не глядзела ў
той бок.
Але пасля адзін з мінакоў сказаў: "Званіце ў "хуткую!" Я
пачала набіраць "хуткую", убачыла, што да мужчыны, які сарваўся, падыходзяць
людзі. Ён быў жывы, нават падняўся, устаў.
Пасля людзі пачалі яму крычаць, каб ён лёг, каб не
варушыўся. Я выклікала "хуткую", сказала, каб яны хутчэй ехалі, што чалавек у
адных трусах… Больш не вытрывала і сышла».
Жыхары суседняга дома кажуць, да іх прыходзіў участковы, пытаўся, ці не ведаюць яны чагосьці пра трагедыю. Суседзі пераказваюць словы ўчастковага: нібыта быў здзейснены разбойны напад на кватэру, злачынца ўцёк.