Пад Лідай мор рыбы і забруджаная вада

Мясцовыя ўлады кажуць, што праблемы ў рацэ Дзітва, якая ўпадае ў Нёман, звязаныя з гарачынёй. Сябры Руху «За Свабоду» знайшлі трубу, адкуль у ваду зліваюцца адыходы.

_62559174_2382127605187342_4817157657594953728_n.jpg


Праблему на рацэ абласны каардынатар Руху «За Свабоду» Вітольд Ашурак і сябра арганізацыі Сяргей Пантус заўважылі 12 чэрвеня. Спрабавалі датэлефанавацца да аховы прыроды і іншых прадстаўнікоў улады, «гарачай лініі» АНТ, але адказу так і не атрымалі. Інфармацыя ад чыноўнікаў паступіла на наступны дзень: яны сцвярджалі, што мор рыбы, смурод і брудная вада — вынікі высокай тэмпературы.
«Пасля заявы аховы прыроды мы вырашылі паглядзець, дзе вада пачала цвісці. Знайшлі ручай, які ўпадае ў Дзітву, заўважылі, што смярдзіць. Паглядзелі, куды ён ідзе, а там побач некалькі прадпрыемстваў, ачышныя збудаванні, а таксама вёска Шырокая», — распавёў pyx.by Пантус.
Па ягоных словах, яны паразмаўлялі з мясцовымі жыхарамі, і тыя адразу паказалі трубу дыяметрам каля паўметра. «Там смурод такі стаіць», — дадаў актывіст. Мясцовыя жыхары распавялі, што з гэтай трубы ўвесь час нешта цячэ, але патроху, а тут шмат ідзе ўжо некалькі дзён, такі, што немагчыма трываць. Распавялі таксама, што і раней спрабавалі скардзіцца ўладам, але безвынікова.

_62612088_2382188498514586_3258773390361624576_o.jpg



«Упадае ручай у Дзітву — 5-10 метраў вышэй па рэчышчы вада чыстая, дно празрыстае, а далей смурод немагчымы. Мутная шэрая муць цячэ ў Нёман на кіламетр вышэй за месца, дзе купаюцца», — дадаў Сяргей Пантус.
«Саўдэпія, здаецца, даўно сканала, але машына засталася: наздвычайная сітуацыя, алгарытм паводзінаў — той жа. Улады кажуць, што нічога не адбываецца, і як пасля аварыі на ЧАЭС выводзяць людзей на дэманстрацыю махаць сцягамі», — ацаніў сітуацыю Вітольд Ашурак.
Ён лічыць, што скіды спецыяльна павялічылі, каб сышло за вынікі гарачыні. «Але мы знайшлі доказы і задакументавалі, ніхто не скажа, што вада зацвіла, таму што горача на вуліцы», — падкрэсліў абласны каардынатар Руху.

_img_4872.jpg


Ашурак адзначыў, што лічыць сённяшнюю сітуацыю вынікам карупцыйных схемаў, бо абсталяванне для ачысткі скідаў было закуплена. «Гэта прыклад таго, як карупцыя ўплывае на наша жыццё. Карупцыя забівае, пакуль што рыбу. Не дай Бог, пачнуць хварэць дзеці, бо зараз жа ўсе купаюцца», — падкрэсліў Вітольд Ашурак.
Зараз сябры Руху «За Свабоду» галоўную задачу бачаць у тым, каб распаўсюдзіць інфармацыю пра праблему. Акрамя таго, жыхары Пескаў плануюць зладзіць збор подпісаў для звароту да ўладаў з патрабаваннем разабрацца.
Паводле інфармацыі Руху «За Свабоду»