Пад Гродна прайшло ралі для серыйных аўтамабіляў

Ралі для серыйных аўтамабіляў “Аўгустоўскі канал 2012 прайшло ў Гродне. Больш за 90 кіламетраў маршруту, больш за 20 экіпажаў, якім трэба было прайсці даволі складаны маршрут — гэта малая частка ўражанняў ад гэтых спаборніцтваў.



get_img55.jpg

Ралі пачалося са збору ля гродзенскага абласнога Палацу творчасці дзяцей і моладзі, што ў Каложскім парку. Там, на стартавай пляцоўцы, кожны з удзельнікаў атрымаў свой нумар і “падыхаў у трубачку.

Светлафор змяніў свой колер з чырвонага на зялёны і экіпажы, адзін за адным, рушылі па маршруце, які атрымалі на старце. На маршруце пазначаны ўсе павароты і кіламетраж паміж імі.

Вуліцы горада, затым манеўраванне па пляцоўцы, потым драг-рэйсінг у малых маштабах у мікрараёне Альшанка. Затым іноў пляцоўка ды спаборніцтвы па правілах у вёсках па дарозе да Аўгустоўскага канала. Зарачанка, Свяцк, Селіванаўцы і Нямнова — у тумане гэтыя вёскі былі ледзь бачныя ўдзельнікамі ралі.

"Рэгламент на ўдзел быў выкладзены за месяц. Гэтыя спаборніцтвы вельмі адрозніваліся ад папярэдняга года, — распавядае іх арганізатар Павел Мікалаевіч. — У мінулым годзе трэба было проста прыехаць праз кантрольныя пункты, без нормаў часу. Цяпер на гэтых кропках ужо была норма: трэба было прыбыць за адведзены час. За больш ранняе або больш позняе прыбыццё накладвалі штраф".

У гэтым годзе кожнага ўдзельніка чакала: хуткаснае фігурнае кіраванне на пляцоўцы для здачы экзаменаў у Панямуні, тэхнічнае кіраванне на тэрыторыі аўтакамбіната па вуліцы Перамогі і зусім новы тып практыкаванняў: разгон-тармажэнне ў мікрараёне Альшанка. Ускладніў спаборніцтвы даволі моцны туман у Альшанцы і на загарадных участках.

Агулам у ралі прыняло ўдзел 22 экіпажа: адзін з Мінска, астатнія гарадзенскія. На фінішы аўтамабілістаў чакалі не толькі падарункі ад спонсараў, але і сюрпрыз.

"Было прапанавана пастраляць з пнеўматычнай вінтоўкі. Удзельнікам спадабалася, хоць гэта і не аўтамабільны від спорту, — працягвае Павел. — Мне як арганізатару здаецца, што ў гэтым годзе дадалося шмат працы для штурманаў. Сачыць за легендай, лічыць сярэднюю хуткасць руху, глядзець на гадзіннік, каб прыехаць своечасова, і пры гэтым камандаваць кіроўцу, куды паварочваць. Зладжаная праца экіпажа была неабходнай".

Па словах удзельнікаў, гэта спаборніцтва не саступае па ўзроўні мінскаму “Олдтаймер Ралі. Спаборніцтвы маюць стаць традыцыйнымі: ужо запланавана трэцяе ралі ў канцы кастрычніка — пачатку лістапада 2013 года. А ў лютым жадаючых пазмагацца ў кіраванні чакае “Гарачы снег — спаборніцтвы па фігурным кіраванні на заснежаных пляцоўках.

t-styl.info