Пад Магілёвам збіты расійскі беспілотнік
Здарэнне зафіксаваў выпадковы відавочца. Ваеннае ведамства пакуль не дае сваіх каментароў.
У Мсціслаўскім раёне Магілёўскай вобласці быў збіты расійскі беспілотнік. Пра гэта парталу Tut.by распавёў выпадковы сведка інцыдэнту. Увечары 28 траўня ён катаўся на ровары ў раёне вёскі Картыжы і заўважыў у паветры маленькі самалёцік. Сведка спыніўся, каб паназіраць за ім і ўбачыў проста над самалётам успышку і гук, як “падчас салюта”. Затым самалёт перакуліўся ў паветры і ўпаў непадалёк ад леса.
Мужчына пад’ехаў да месца падзення самалёта — гэта была невялікая прылада метры ў тры ў даўжыню і два ў шырыню, да таго ж без лётчыка. Апазнавальных знакаў на фюзеляжы не было. Сведка паспеў сфатаграфаваць месца здарэння. Праз 10 хвілінаў туды прыехалі беларускія вайскоўцы, ачапілі месца падзення, распыталі мужчыну, што ён бачыў, а затым папрасілі сысці.
Дома ён паспрабаваў самастойна апазнаць біты беспілотнік. Болей за ўсё лятальны апарат падобны за БПЛА “Птэра-G0”, са складу беспілотнага авіяцыйнага комплекса “Птэра-СМ” расійскай вытворчасці. Мяркуючы па апісанні па сайце вытворцы, ён прызначаны для вядзення аэра- і фотаздымкі плошчавых і лінейных аб’ектаў, ацэнкі радыёэлектроннай абстаноўкі, у тым ліку знаходжання крыніцаў перашкодаў і вымярэння дыяграмы скіраванасці антэнных сістэм.
Такіх комплексаў няма на ўзбраенні беларускай арміі, але яны ёсць у расійскіх узброеных сілах.
Каментароў з боку беларускага ваеннага ведамства пакуль не было.