Паліцыя Вільні: Беларускі дыпламат учыніў ДТЗ у Вільні і ўцёк з месца здарэння
У Вільні дарожная паліцыя затрымала беларускага дыпламата за тое, што ён уцёк з месца ДТЗ.

Фота: DELFI / Ainis Gurevičius
Аварыя здарылася ў нядзелю, 18 сакавіка, каля 18.20 у спальным раёне на вуліцы Габіёс, піша tut.by.
У віленскай паліцыі кажуць, што Hyundai IX35 беларускай амбасады зачапіў аўтамабіль Toyota Yaris, які стаяў у двары. Сведкі здарэння сталі рабіць кіроўцу заўвагі, але той папросту з'ехаў.
Відавочцы ДТЗ выклікалі паліцыю. Паліцыянты затрымалі парушальніка ў двары суседняга дома на вуліцы Укмергес. У аўтамабілі быў 44-гадовы дарадца беларускай амбасады ў Літве. Мяркуецца, што менавіта ён і кіраваў аўтамабілем. Дыпламат адмовіўся правярацца на цвярозасць.
У амбасадзе Беларусі ў Літве пацвердзілі, што было нязначнае ДТЗ, у якім удзельнічаў супрацоўнік прадстаўніцтва. "Наш супрацоўнік не ўцякаў з месца аварыі — ён ад'ехаў метраў дваццаць для таго, каб не перагароджваць выезд, і чакаў паліцыю, якая прыбыла і склала пратакол. Кіроўца-дыпламат быў цвярозы, хоць і адмовіўся прайсці агляд — меў на гэта поўнае права", — тлумачаць у амбасадзе.
У амбасадзе кажуць, што караць свайго супрацоўніка не будуць. Яго чакае законнае разбіральніцтва з уладальнікам пашкоджанага Toyota Yaris.
euroradio.fm