Палітолагам дасылаюць лісты аб тым, што Лукашэнка не пойдзе на выбары

Такія паведамленні атрымалі Аляксандр Фядута і Андрэй Дзмітрыеў нібыта ад расійскіх журналістаў. Адразу тры лісты ад нібыта расійскіх СМІ атрымаў цягам вечара беларускі палітолаг Аляксандр Фядута.



f1.jpg

Ва ўсіх яго прасілі пракаментаваць адну і тую інфармацыю, атрыманую з “надзейных крыніц”: нібыта Аляксандр Лукашэнка не будзе браць удзел у сёлетніх прэзідэнцкіх выбарах. І што замест сябе дзеючы кіраўнік Беларусі будзе прасоўваць кандыдатуру міністра замежных спраў Уладзіміра Макея.
“Як нам стала вядома з надзейных крыніц, Аляксандр Лукашэнка не будзе браць удзел у прэзідэнцкіх выбарах. Ён мае намер падтрымаць кандыдатуру Уладзіміра Уладзіміравіча Макея. Вы не маглі б даць вельмі тэрміновы каментарый?” — піша на пошту Аляксандра Фядуты нехта, прадстаўляючыся карэспандэнткай тэлеканала LifeNews.

l6.jpg


І просіць пракаментаваць, “з чым звязанае такое рашэнне кіраўніка Беларусі?”, “якія наступствы гэта будзе мець для Расіі і расійска-беларускіх адносінаў?”, “ці задаволіць Уладзімір Макей Маскву?”, “ці азначае гэта разварот у знешняй палітыцы Беларусі?” і гэтак далей.
Лісты падобнага зместу з невялікай розніцай па часе прыйшлі беларускаму палітолагу яшчэ і нібыта з “Мядузы”, і з gazeta.ru. Сам Фядута не верыць, што за каментарыем звяртаюцца менавіта журналісты названых СМІ. “Лісты прыйшлі з левых мэйлаў — нават не з карпаратыўных скрыняў!”

6_0.jpg


Адказваць на атрыманыя лісты і даваць каментарый Аляксандр Фядута адмовіўся. Як стала вядома Еўрарадыё, ужо ноччу такі ж ліст ад нібыта журналісткі LifeNews атрымаў намеснік лідара “Гавары праўду” Андрэй Дзмітрыеў. Нагадаю, яшчэ 17 снежня сумнеў у тым, што Лукашэнка пойдзе на выбары 2015 года выказаў пасол Расіі ў Беларусі Аляксандр Сурыкаў. 
“На дадзены момант кіраўнік Беларусі не выказаў жадання балатавацца. І я нешта сумняваюся, што ён пойдзе. Але калі пойдзе, то я б яго асабіста як чалавек падтрымаў”, — заявіў Сурыкаў падчас сваёй прэс-канферэнцыі ў Мінску.

s2_0.jpg


Цікава, што ні на адным з расійскіх СМІ, ад імя якіх прыходзілі лісты Аляксандру Фядуце, няма інфармацыі, атрыманай “з надзейных крыніц” пра адмову Аляксандра Лукашэнкі браць удзел у выбарах 2015 года.
euroradio.by