Палітвязень Аляксей Беразінскі: Кратамі тут ужо нічога не выправіць. Як пасадзіць усю краіну?
Асуджаны на 3,5 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму за масавыя беспарадкі палітвязень Аляксей Беразінскі даслаў ліст з-за кратаў, у якім піша, што зусім хутка па ўсёй Беларусі будуць ззяць усмешкі, і віншуе жанчын са святам 8 Сакавіка.
8 сакавіка — гэты звычайна быў дзень, калі я сядаў у машыну, ехаў да свайго сябра, які займаецца продажам кветак, купляў 200 (ці наваш больш) цюльпанаў розных колераў — і пачынаўся марафон. Маці, жонка і яе сястра, цешча, жонка брата, дачка і шмат хто яшчэ. Ну, карацей, кожны мужык зразумее. Мне падабалася бачыць жаночыя ўсмешкі. А яны заўсёды з'яўляліся ў такія моманты. Вясна, сонейка, цюльпаны...
У гэты раз нешта пайшло не так. І па кветкі не зʼездзіць, і надворʼе нешта сапсавалася. Хаця за амаль пяць месяцаў за кратамі таго надворʼя амаль не бачыў. Вось такая праблема, якая на волі праблемай зусім не здаецца. Другая праблема: адсутнасць нармалёвай музыкі. Увесь час круцяць «Рускае радыё», ад якога ўжо ванітуе. Прабачце, набалела.
Калі тут знаходзішся, то думаеш не пра сябе. За мяне тут ёсць каму думаць: будзяць, абшукваюць, даюць есці, зноў абшукваюць. Усе думкі аб тым, як вы там спраўляецеся: якія адзнакі ў Варвары? ці трапляюць у асноўны склад на сваім футболе Мар’ян ды Сцёпа? як там праца? ці ўсё добра з нашым прыбіральнікам Васілём Іванавічам? Часта вы пытаецеся, чым мне дапамагчы. Адказ просты: рабіце ўсё тое, што мы рабілі разам. Калі ў вас будзе ўсё добра, то і ў мяне настрой тут палепшыцца.
Дакладна ведаю, што цяжэй за ўсё маці. Яе стан пасля суду — гэта, можа быць, самы цяжкі момант за ўсе гэтыя пяць месяцаў. Матуля, давай дамовімся: я тут добра ем і нашу шапку (калі халоднае надвор’е), а ты спрабуеш трошкі менш хвалявацца. Добра?
Карацей, любімыя мае жанчыны, я віншую з 8 сакавіка вас тут, на старонках «Новага Часу». Разумею, што зараз будзе менш усмешак не толькі ў маіх жанчын. Гэтую вясну ў нас забралі, і мы запомнім яе такой. Але я дакладна разумею, што зусім хутка прыйдзе час, калі ўсмешак стане вельмі-вельмі многа ва ўсёй Беларусі!
Са святам!
Адрас для лістоў Аляксею Беразінскаму: СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2.