Палітвязень Дзмітрый Фурманаў зноў трапіў у карцар

Другі раз за месяц палітвязня Дзмітрыя Фурманава адправілі ў карцар, паведамляе тэлеграм-канал «Краіна для жыцця».

furmanau_zmicer_logo_1.jpg

Гэтым разам — за адмову надзяваць кайданкі. Раней Дзмітрый Фурманаў казаў пра невыносныя ўмовы ўтрымання і аб'яўляў галадоўку ў знак пратэсту.
Палітвязень утрымліваецца ў турме №1 у Гродне.
Фурманаў быў затрыманы 29 траўня падчас пікета па зборы подпісаў, калі здарыўся інцыдэнт з затрыманнем Сяргея Ціханоўскага і нібыта збітымі міліцыянтамі, пасля якога пачаліся затрыманні людзей з натоўпу. Дзмітрый сядзеў за сталом і працягваў збіраць подпісы. Да яго прыбеглі амапаўцы, схапілі пад рукі і праз сквер у машыну на вачах у яго бацькоў, якія таксама былі на пікеце.
Яму прад’явілі абвінавачанне паводле ч. 1 арт. 342 («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак») Крымінальнага кодэкса.
Дзмітрыя Фурманава абвясцілі палітвязнем і вязнем сумлення не толькі айчынныя праваабаронцы, але і аўтарытэтная міжнародная праваабарончая арганізацыя «Amnesty International».