Палітвязень Міхаіл Жамчужны адбыў 11 спагнанне ў ШІЗА
Учора, 16 лістапада, скончыўся 5-суткавы тэрмін змяшчэння ў ШІЗА палітвязня Міхаіла Жамчужнага. Гэта ўжо 11 спагнанне, якое асуджаны атрымаў з пачатку жніўня бягучага года ад адміністрацыі калоніі №9 г. Горкі. Верагодна, сёння будзе вынесена чарговае.
Пра гэта піша Праваабарончы цэнтр "Вясна".
Праблемы ў Міхаіла Жамчужнага пачаліся пасля пераводу ў Горацкую калонію, дзе з патурання адміністрацыі для яго былі створаныя невыносныя ў сілу сваёй жорсткасці і зневажальнага характару ўмовы для адбыцця пакарання, арганізавана кампанія яго траўлі, звязаная з усталяваннем у асяроддзі зняволеных нефармальных адносін.
Спагнанні адміністрацыя калоніі ў Горках пачала выносіць Міхаілу Жамчужнаму за адмовы пераходзіць у атрад №13, сфармаваны са зняволеных з “нізкім статусам”. Афіцыйная фармулёўка падставаў для вынясення спагнанняў: “Невыкананне законнага патрабавання прадстаўніка адміністрацыі следаваць у атрад”.
Апошнія месяцы жыццё палітвязня выглядае наступным чынам: ад яго патрабуюць, каб ён перайшоў у вызначаны адміністрацыяй атрад, ён адмаўляецца, яму выносіцца чарговае спагнанне і ён накіроўваецца ў ШІЗА ці ПКТ, пасля вызвалення адтуль сітуацыя зноў паўтараецца. У сваіх тлумачальных, якія палітвязень прадстаўляе падчас атрымання спагнанняў, ён указвае на сапраўдныя прычыны адмоваў пераходзіць у атрад №13 ці іншыя атрады Горацкай калоніі і патрабуе пераводу яго ў бяспечнае месца. Вядома, што на заявы Міхаіла Жамчужнага аб змяшчэнні ў бяспечнае месца адміністрацыя не рэагуе. Таксама вядома, што ў аналагічнай сітуацыі ў Горацкай калоніі знаходзяцца каля 50 чалавек, якім навязваецца “нізкі статус” і якія, адмаўляючыся яго прызнаваць, атрымліваюць рэгулярныя спагнанні.
Падставы адклікання адміністрацыяй калоніі прадстаўлення аб пераводзе Міхаіла Жамчужнага на турэмны рэжым зняволення да гэтага часу застаюцца невядомымі, самому вязню пра іх таксама не паведамілі.
Упраўленне дэпартамента выканання пакаранняў па Магілёўскай вобласці на скаргу адносна накладання самага першага спагнання адказала, што яно вынесена законна і падставаў для яго адмены няма. УДВП таксама сцвярджае, што праверка паказала, што “якіх-небудзь пагроз жыццю і здароўю асуджанага Жамчужнага М., няма, як няма і падставаў, якія б перашкаджалі яго адбыццю пакарання ў ВК №9".
Міхаіл Жамчужны працягне абскарджанне гэтага і наступных спагнанняў у судзе.
Палітвязень адзначае, што ў сувязі з пастаянным знаходжаннем у ШІЗА не мае магчымасці адказаць на атрыманыя лісты з волі. Яму зачытваюць толькі заказныя лісты, звычайныя – не зачытваюцца і не перадаюцца. Ён просіць сваіх адрасатаў пісаць яму заказныя лісты і, па яго словах, спадзяецца, што калі будзе змешчаны ў ПКТ ці бяспечнае месца, зможа ўсім адказаць.