Палітвязень Сяргей Пятрухін парэзаў сабе вены — і за гэта трапіў у карцар

Палітвязень Сяргей Пятрухін у магілёўскай турме № 4 парэзаў сабе вены. Менавіта з-за гэтага яго адправілі ў карцар, паведамляе «Еўрарадыё».

«

Сяргей Пятрухін у судзе. Фота nn.by

Сяргей Пятрухін у судзе. Фота nn.by

Пра гэта ў Facebook напісаў старшыня Магілёўскай абласной арганізацыі Аб'яднанай грамадзянскай партыі Уладзімір Шанцаў. Паводле звестак, якія ён атрымаў ад адваката Пятрухіна (ён сустракаўся з палітвязнем), прычына спробы суіцыду — жудасная антысанітарыя ў камеры, куды яго перавялі, і сукамернікі.

Пятрухін трапіў у карцар 25 лютага і будзе ў ім да 17 сакавіка. Цяпер яго стан здароўя здавальняючы, кажа адвакат.

Брэсцкія блогеры Сяргей Пятрухін і Аляксандр Кабанаў знаходзяцца за кратамі з пачатку лета 2020 года. Іх абвінавачваюць у «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак», у абразе прадстаўніка ўлады, а Пятрухіна — яшчэ і ў абразе суддзі. Крымінальную справу ў лютым пачаў разглядаць суд Кастрычніцкага раёна Магілёва.

Пятрухін і Кабанаў прызнаныя палітвязнямі.