Палітвязня Арцёма Мядзведскага, які збег з «хіміі», пераводзяць у калонію
Арцём Мядзведскі ў пачатку лютага здолеў уцячы з папраўчай установы. Аднак неўзабаве хлопца затрымалі і вярнулі ў ПУАТ.

Палітзняволены
Арцём Мядзведскі ў лютым 2022-га здолеў уцячы з папраўчай установы №45.
Паведамлялася, што Мядзведскі збег з лякарні ў Камянцы, куды трапіў з лёгкім
страсеннем мазгоў пасля таго, як паслізнуўся і зваліўся ў будынку ПУАТ. Але
праз некаторы час Арцёма затрымалі і вярнулі ў ПУАТ, нагадваюць праваабаронцы.
Учора ў судзе Камянецкага раёна разглядзелі справу «аб пераводзе палітвязня ў папраўчую ўстанову іншага тыпу і змене ўмоваў рэжыму». Суддзя Аксана Шкель пастанавіла перавесці Мядзведскага ў калонію тэрмінам на 9 месяцаў.
Арцёма затрымалі 19 кастрычніка 2020 года. Яго абвінавацілі ў тым, што ён ўвечары 10 жніўня ўдзельнічаў у акцыі пратэсту каля станцыі метро Пушкінская, выкаціў на дарогу камень, што прывяло да блакавання праезнай часткі. 15 студзеня 2021 года палітвязню прысудзілі 3 гады «хіміі».