Палітвязня Сяргея Верашчагіна перавялі на турэмны рэжым

Гамяльчук Сяргей Верашчагін даслаў на волю ліст, у якім распавёў, што яму ўзмацнілі рэжым утрымання. Акрамя гэтага, Сяргей знаходзіцца ў цяжкім псіхалагічным стане, паведамляюць праваабаронцы.

virashchagin_s.jpg

Палітвязень піша, што ў кастрычніку суд пастанавіў перавесці яго на турэмны строгі рэжым. З глыбоцкай калоніі №13 Сяргея Верашчагіна накіравалі ў гарадзенскую турму №1.
«Пацешыць цябе наогул абсалютна нічым не магу. Бывае вось такое ў жыцці. Сяджу ў камеры, навін ніякіх не ведаю, далей за чатыры сцяны сваёй камеры нічога не бачу. Напісаць толкам і няма чаго, у мяне нічога не адбываецца. Кожны дзень усё адно і тое ж. Усё як у турме. Усё шэра і сумна.
На душы нуда і трывожнасць. Ніякіх прасветаў няма ні ў чым, ёсць яснае разуменне, што наперадзе нічога не прадбачыцца светлага. Вось так і праходзяць мае дні, і нікому я больш не веру ні ў чым, і ні на кога не спадзяюся. Сказана было шмат усяго, а ў рэальнасці я вось тут адзін са мноствам сваіх праблем.
Адна надзея на Госпада Божаньку, што ён дасць мне сіл дайсці да канца гэтага адрэзка жыцця. Вось так і жыву я сёння, калі гэта ўвогуле можна назваць жыццём».
Сяргей Верашчагін быў затрыманы 12 жніўня. Пасля затрымання яго моцна збілі ў Цэнтральным РАУС Гомеля. Сярод дыягназаў, якія паставілі тады лекары абласной бальніцы, былі закрытая чэрапна-мазгавая траўма, удар галаўнога мозгу, множныя гематомы і ўдары. Пазней Сяргея асудзілі на 5 гадоў калоніі за кінутую пластыкавую бутэльку ў бок міліцыянтаў з акна.
Адрас для лістоў: Турма №1, 230023, г. Гродна, вул. Кірава, 1, Сяргею Уладзіміравічу Верашчагіну