Палітзняволенага Сяргея Крупеніча таксама арыштавалі на чарговыя 15 сутак
У 30-дзённы тэрмін тэлефон яго жонкі Анастасіі Крупеніч-Кандрацьевай павінен быў быць накіраваны для рэалізацыі ў даход дзяржавы. Аднак участковы Зянкевіч утрымлівае тэлефон і складае ўвесь час новыя пратаколы — а гэта з'яўляецца парушэннем, аднак суддзя на гэта ўвагі не звярнула.

Жонка палітвязня Анастасія павінна была выйсці яшчэ ўчора, але за дзве гадзіны да вызвалення дзяўчыну перавялі з ЦІПа ў ІЧУ і склалі новы пратакол. Сяргей сёння таксама не выйшаў на волю, паведамляюць праваабаронцы.
На сям'ю ў чарговы раз участковыя Ленінскага РУУСа склалі пратакол паводле арт. 19.11 КаАП за тое, што яны перасылалі адно аднаму ў прыватных паведамленнях навіны з «экстрэмісцкіх» тэлеграм-каналаў.
Суддзі неаднаразова адмаўлялі адвакатам, каб аб'яднаць пратаколы за розныя рэпосты ў адзін, таму за кожную навіну з «экстрэмісцкіх» каналаў, знойдзеную ў тэлефоне Анастасіі, сям'ю судзяць асобна адразу пасля заканчэння мінулага арышту.

На судзе над Анастасіяй адвакатка прасіла прызнаць абавязковым ва ўдзеле ўчастковага Зянкевіча і агледзець тэлефон Анастасіі, бо непасрэдна ён аглядаў тэлефон падчас затрымання і не склаў пратакол на ўсе рэпосты, што пацягнула за сабой паступовае з'яўленне новых пратаколаў і павелічэнне тэрміну.
У 30-дзённы тэрмін тэлефон павінен быць накіраваны для рэалізацыі ў даход дзяржавы. Аднак Зянкевіч утрымлівае тэлефон і складае новыя пратаколы — а гэта з'яўляецца парушэннем. У кожным з пратаколаў напісана, што тэлефон агледжаны ва ўключаным стане, што немагчыма, улічваючы, што тэлефон знаходзіцца ўжо больш за 100 дзён пад арыштам і батарэя не можа быць актыўнай так доўга. Але суддзя Ачалава не задаволіла хадайніцтвы адваката.
Анастасія правядзе агулам за кратамі 126 сутак, а яе муж — 127.