Палітзняволенай Рэнаце Смірновай прысудзілі два гады «хатняй хіміі»
29 студзеня суд Заводскага раёна горада Мінска вынес прысуд 19-гадовай палітзняволенай Рэнаце Смірновай. Яе прызналі вінаватай па арт. 342 Крымінальнага кодэкса і прысудзілі два гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову — "хатняй хіміі".
Справу разгледзела суддзя Кацярына Мурашка. Дзяржабвінавачанне прадстаўляў пракурор Зубік. Абараняе дзяўчыну адвакат Станіслаў Абразей.
Рэната Смірнова была затрыманая разам з хлопцам першага лістапада на Маршы супраць тэрору ў Мінску. На яе завялі крымінальную справу і адпусцілі. Была затрыманая пры перасячэнні мяжы. Ёй змянілі меру стрымання і змясцілі пад варту да суда. Да затрымання дзяўчына працавала барыстай, збіралася паступаць у БДУ.
Стаяла ў першым шэрагу счэпкі
Дзяўчыну абвінавацілі ў тым, што першага лістапада яна была на праспекце Незалежнасці ў групе асобаў, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Менавіта — стаяла ў першым шэрагу счэпкі і блакіравала дарогу. Шкода Мінсктрансу — 10.689,76 рублёў.
У аўтазак прыйшла сама — за хлопцам
Сведка — Іван Зубко (малады чалавек дзяўчыны), якому таксама прад'яўленае абвінавачанне па арт. 342. Ён таксама знаходзіцца пад вартай.
Іван распавёў, што яны прыехалі да завода "Луч", дзе ў тэлеграм-каналах была пазначаная кропка збору. Праз дзесяць хвілін яны рушылі ў бок перасячэння з Валгаградскай, у раёне дзіцячай чыгункі стаяў таніраваны транспарт і супрацоўнікі АМАП.
Падчас пасяджэння прысутныя праглядзелі запіс з нагруднай камеры супрацоўніка АМАП: на ёй бачна, што Смірнова стаіць не ў першым шэрагу, без плакатаў і сімволікі. Калі супрацоўнікі АМАП накіравалі ў бок пратэстоўцаў зброю і запатрабавалі сысці з праезнай часткі, Смірнова "адразу ж падпарадкавалася". Аднак каля дома 101 па праспекце Незалежнасці пачаліся затрыманні, людзі сталі ў счэпку. Івана збівалі, душылі і павялі ў аўтазак — дзяўчына пайшла за ім і таксама папрасілася ў аўтазак. Спачатку яе спрабавалі накіраваць дадому, але потым забралі: у аўтазаку схапілі за валасы і паставілі на калені.
Калі пракурор дапытваў Зубко, ён запытаўся, чаму дзяўчына пайшла ў аўтазак.
Іван Зубко адказаў: "Высакароднасць, каханне..."
Зубкоў ведаў, што мерапрыемства несанкцыянаванае, на пытанне, чаму пры блакіроўцы не думалі пра іншых людзей у транспарце, адказаў, што ўсе іх падтрымлівалі.
Палітзняволеная Рэната Смірнова пацвердзіла сведчанні Івана Зубко. Удакладніла, што згодная з тым, што парушыла закон, але гэтае правапарушэнне ніяк не "цягне" на крымінальны артыкул.
Пры вобшуку былі вынятыя адзенне, у каторым дзяўчына была на мітынгу, два ноўтбукі, відэакамера, два мабільных тэлефона, планшэт, фотаапарат, электронная кніга, жорсткі дыск, флэшкі.
Сведкі не пазналі Смірнову
Сведкамі абвінавачання выступаюць Аляксееў, Купарчук, Свірыдаў, Шэўчык і Назараў (усе засакрэчаныя). Чацвёра з іх казалі аднолькавыя рэчы, пяты — Шэўчык — не з'явіўся на пасяджэнне. Ніхто з іх не пазнаў Рэнату Смірнову. Свірыдаў сказаў, што дзяўчына выкрыквала "антыдзяржаўныя лозунгі", але не ўзгадаў, якія.
Яшчэ адна сведка — прадстаўніца Мінсктранса — юрысконсульт Настасся Кузняцова сказала, што не памятае абставін пазова: яго падавала пракуратура. Дакументаў у яе з сабой не было.
Пракурор запрасіла для палітзняволенай Рэнаты Смірновай два гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову — "хатняй хіміі", а таксама вызваліць яе з-пад варты пад заклад. Адвакат прапанаваў закрыць справу, таму што за адно правапарушэнне двойчы не прыцягваюць да адказнасці, а пра справе за першага лістапада Рэнату ўжо асудзілі па адміністрацыйнаму артыкулу.
Суддзя Кацярына Мурашка прысудзіла дзяўчыне два гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову — "хатняй хіміі".