Палітзняволеная Таццяна Астроўская: Хутка вясна, але гэта і не вельмі радуе

Палітзняволеная валанцёрка Таццяна Астроўская піша, што сем месяцаў нічога не адбываецца па справе, а лістоў яна цяпер атрымлівае вельмі мала.

astrouskaja.jpg

Валанцёрка фонда "Страна для жизни" Таццяна Астроўская ўтрымліваецца на «Валадарцы» ўжо сем месяцаў. Ёй прад'явілі абвінавачванні па арт. 361-2 КК (фінансаванне дзейнасці экстрэмісцкага фарміравання). У лісце на волю ад 8 лютага яна піша, што па справе нічога не адбываецца, а яе адваката пазбавілі ліцэнзіі. Аднак дзяўчына не губляе добрага настрою.

"Да гэтага цяжка прызвычаіцца, але лістоў атрымліваю вельмі мала — нешта пайшло не так у нашым каралеўстве. Заўтра [9.02] сем месяцаў майго знаходжання ў гэтым замку (СІЗА знаходзіцца ў Пішчалаўскім замку) — амаль прынцэса ў зняволенні. Па справе нічога не адбываецца, толькі следчыя змяняюцца. Ну і адвакат —мінулага пазбавілі ліцэнзіі.

І, так, — хутка вясна. Але гэта і не вельмі радуе. У нас карцінка не змяняецца ад слова "зусім", мы вуліцу не бачым, нават калі гуляем. Проста каляндарна — трэці сезон у гэтым месцы. Такое сабе задавальненне. Але я (і не толькі) вельмі спадзяюся, што перад тым, як з'ехаць на прыроду — вы не забудзеце пра нас! Вясна ўсё ж такі блізка! Давайце радавацца разам! Тое, што добрых людзей больш, упэўненасць не прайшла".

Дасылаць лісты Таццяне можна на адрас: СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2, Таццяне Сяргееўне Астроўскай.