Памяць расстраляных каталіцкіх манашак

70 гадоў таму — 19 снежня 1942 года  — У Слоніме гестапаўцамі былі расстраляныя каталіцкія манашкі Ева Наішэўская, Марта Валоўская і ксёндз Адам Старк.



valouskaja_marta.jpeg

Марта Валоўская

Благаслаўлёная сястра Ева Наішэўская нарадзілася 24 чэрвеня 1885 годзе ў Асанішках, што на Віленшчыне. З адзнакаю закончыла рускую гімназію, а таксама медыцынскія курсы ў Пецярбургу. Пасля таго, як распачалася Першая сусветная вайна, Ева Наішэўская пачала працаваць у лазарэтах і розных шпіталях, якія сталі для яе полем апостальскай дзейнасці.

na_she_skaja_eva.jpeg

  Ева Наішэўская
У 1919 годзе Ева Наішэўская ўступіла ў супольнасць Сясцёр Беззаганнага Пачацця НПМ (непакалянак). Апошні этап свайго жыцця яна распачала ў Слоніме, будучы настаўніцай сярэдняй школы, якою кіравалі сёстры непакалянкі, а завяршыла яго як мучаніца.
Калі немцы акупіравалі Слонім, Ева Наішэўская адразу пачала працаваць у шпіталі і паліклініцы, лячыла людзей прыватна, спяшалася з дапамогаю да кожнага патрабуючага, найбольш дапамагала габрэям. Сёстры ўкрывалі габрэяў на паддашшы кляштара, у аранжарэі і ў гумне, хоць і ведалі добра, што за гэта ім пагражае кара смерці.
Благаслаўлёная сястра Марта Валоўская нарадзілася 12 кастрычніка 1879 годзе ў Любліне (Польшча). У 1900 г. была паклікана Богам да законнага жыцця, уступіла ў кляштар супольнасці Сясцёр Беззаганнага Пачацця НПМ ў Язлоўцы. Пасля прыехала ў Слонім. Менавіта тут яна разгарнула сваю апостальскую, дабрачынную і экуменічную дзейнасць.
У жніўні 1939 года св. Марта Валоўская была прызначана кіраўніком манаскай пляцоўкі ў Слоніме. Калі распачалася Другая сусветная вайна, яна шырока адчыніла дзверы слонімскага кляштара для тых, каму патрэбна была дапамога. Нягледзячы на небяспеку і страх, што паралізуюць чалавека, сястра Марта рашуча аказвала дапамогу асобам, якіх пераследавалі немцы, наведвала вязняў і дапамагала іх сем’ям. На тэрыторыі кляштара ўкрывала габрэяў. Яе неаднаразова выклікалі ў гестапа на допыты, але яна не адмовілася дапамагаць бліжнім нават тады, калі ведала, што ўжо занесена ў спіс асуджаных на смерць і што за ёю сочаць. Менавіта ў той час выявілася яе гераічная любоў да бліжніх і бязмежны давер да Бога. Яна была гатова прыняць пакутніцкую смерць, пра якую разважала яшчэ шмат гадоў таму.
Арыштавалі сясцёр Марту Валоўскую і Еву Наішэўскую ў ноч з 18 на 19 снежня 1942 года. Сясцёр разам з кс. Адамам Старкам прывезлі ў гестапа, дзе над імі здзекваліся, зневажалі і білі. Адзін з паліцаяў, які прысутнічаў пры катаванні, прапанаваў сёстрам уцячы, але яны адмовіліся. Расстралялі іх на Пятралевіцкай гары каля Слоніма. Месца смерці стала іх магілаю. Сведкі тых падзей сцвярджаюць: «Увесь горад аплакваў смерць сясцёр, якія рабілі столькі дабра людзям і загінулі за свае міласэрныя ўчынкі».