У ЗША памёр Аляксандр Міцкевіч, пляменнік Якуба Коласа

Сёння хаваюць Аляксандра Міцкевіча — аднаго з арганізатараў жыцця беларускай дыяспары ў Амерыцы, пляменніка Якуба Коласа.  Ён памёр 28 красавіка на 96-м годзе жыцця ў Нью-Ёрку. Сёння, 2 траўня, яго пахаваюць на беларускіх могілках у горадзе Іст-Брансуік (Нью-Джэрсі) пасля адпявання ў беларускай царкве Святой Жыровіцкай Іконы Божай Маці (Беларуская Аўтакефальная Праваслаўная Царква).  



179a6821_fa2a_4c36_8a27_c67332f00219_w268.jpg

Аляксандр Міцкевіч нарадзіўся у вёсцы Мікалаеўшчына ў сям’і Міхаліны Міцкевіч, сястры Якуба Коласа, у 1919 годзе, нагадвае www.svaboda.org.

Напярэдадні Другой сусветнай вайны скончыў настаўніцкія курсы і працаваў настаўнікам у Жыгалкаўскай вясковай школе. У 1944 годзе выехаў на эміграцыю: Аўстрыя — Францыя — Бельгія. Спрабаваў вучыцца на філасофскім аддзяленні Лювенскага ўніверсітэту, але не скончыў. У 1955 годзе, атрымаўшы запрашэнне ад дзядзькі — Міхася Міцкевіча (брата Якуба Коласа) — перабраўся ў ЗША. Жыў у Нью-Ёрку.

Быў сябрам Беларуска-амерыканскага задзіночання, уваходзіў у Галоўную ўправу арганізацыі, кіраўніцтва Нью-Ёрскага аддзелу. Ад 1965 году быў сябрам рэдкалегіі ды распаўсюднікам газеты “Беларус”.

У 1980—1990 гадах выдаваў бюлетэнь“Весткі й паведамленні Нью-Ёрскага аддзелу БАЗА”. Быў радным БНР.