Памёр археолаг Алег Макушнікаў
Сышоў з жыцця вядомы беларускі археолаг Алег Макушнікаў, паведамляе «Беларускае Радыё Рацыя».
Навуковец даследаваў гомельскае Падняпроўе. «Ён вярнуў Гомелю гісторыю, — узгадвае пра Алега Макушнікава кандыдат мастацтвазнаўства, гісторык Яўген Малікаў. — Практычна, гэта Атлант, на якім трымалася ўся нашая гомельская гісторыя да сённяшняга дня. Ён выцягнуў з небыцця той старажытны сярэднявечны Гомель, пра які да яго ўсе здагадваліся, але пры гэтым ніхто яго ніколі не ведаў. Макушнікаў выцягнуў гісторыю старажытнага Гомеля і зрабіў яе актуальнай».
Алег Макушнікаў — доктар гістарычных навук, аўтар шматлікіх навуковых прац, сярод якіх манаграфіі «Археалагічныя помнікі Гомельшчыны», «У пошуках старажытнага Гомія». Ён з’яўляўся суаўтарам акадэмічных выданняў «Археалогія Беларусі», «Энцыклапедыя гісторыі Беларусі» і іншых.