Памёр навукоўца Анатоль Літвіновіч. Ён цяжка хварэў

Пра сыход з жыцця Анатоля Літвіновіча паведаміў у фэйсбуку яго сябар Мікалай Мікуліч. Апошнім часам навукоўца пакутаваў ад анкалагічнай хваробы. Яму быў 71 год

litvinovich_230111_l1cjy.jpg

«Дарагія сябры! Адляцела ў незваротны вырай шчырая, светлая душа Анатоля Літвіновіча. Асірацела шэсць дзетак. Вялікі дзякуй усім, хто аказаў ім дапамогу! Хто хоча яе аказаць, просім дасылаць сродкі па пошце на адрас: Мінск, вул. Калеснікава, д. 37, кв. 270. Літвіновіч Вользе Міхайлаўне», — напісаў Мікалай Мікуліч.

12 студзеня «НЧ» паведаміў, што ў навукоўца-этнографа Анатоля Літвіновіча дыягнаставалі рак лёгкіх чацвёртай ступені.

Тады жонка Анатоля Вольга Літвіновіч запрашала ўсіх, хто жадаў паспець прыжыццёва развітацца з навукоўцам і дапамагчы шматдзетнай сям’і, да сябе на вуліцу Калеснікава ў Мінску.

Нагадаем, у траўні 2021 года Анатоля Літвіновіча затрымалі і асудзілі на 10 сутак адміністрацыйнага арышту за налепленыя на акно бел-чырвона-белыя сэрцайкі. На той момант навукоўцу было 69 гадоў.

Апроч таго, пакуль мужчына адбываў арышт, невядомыя пабілі шыбу ў кватэры, дзе жыла сям'я.