Памёр Уладзімер Басалыга, беларускі графік і шматгадовы кіраўнік саюза мастакоў
Памёр Уладзімір Басалыга — беларускі графік, шматгадовы кіраўнік Беларускага саюза мастакоў, сябра суполкі «Пагоня». Пра гэта паведамілі сваякі памерлага, піша «Свабода».
Уладзімір Саймойлавіч сёлета адзначыў 80-гадовы юбілей, ён родам са Слуцку. Ягоны бацька Самусь Сцяпанавіч загінуў у 1945 годзе ў часе Берлінскай аперацыі. Маці адна выхоўвала траіх дзяцей, ткала ручнікі, посцілкі, абрусы, працягвала традыцыі слуцкага ткацтва. З гэтага ў мастака асаблівае захапленне народнай творчасцю і рамёствамі. Мастаком стаў і яшчэ адзін з Басалыгаў — Міхась. Разам з Уладзімерам яны рэалізавалі вялікую колькасьць супольных праектаў.
Уладзімір Басалыга скончыў Мінскую мастацкую вучэльню імя Глебава, затым Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут. З 1966-га па 1971 год працаваў галоўным мастаком Упраўлення мастацкай прамысловасці Міністэрства прамысловасці БССР, пасля галоўным мастаком Мастацкага фонду БССР.
У 1989-га па 1992-ы — старшы выкладчык, а да канца 1990-х — дэкан, дацэнт мастацкага факультэту Беларускай акадэміі мастацтваў. З 1999-га — намеснік старшыні, а з 2001-га па 2007-ы — старшыня Беларускага саюза мастакоў. За два тэрміны на пасадзе рэалізаваў галоўную задачу — паставіць арганізацыю на фінансавыя ногі. Прыняў са штрафамі, а пакінуў з паўмільярдным актывам (на тагачасныя грошы).
У рэспубліканскіх і ўсесаюзных выставах удзельнічаў ад пачатку 1960-х. Асноўныя жанры — кніжная і станковая графіка, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, экслібрысы.
На яго прызнанне, у пачатку 1980-х быў звольнены пасля даносу ў КДБ. «Нацыяналіста» Басалыгу абвінавацілі, што ён крытыкаваў расейскага палкаводца Аляксандра Суворава, які здушыў паўстанне Тадэвуша Касцюшкі. Пасля гэтага мастак 9 гадоў быў беспрацоўным. Усё наладзілася толькі з распадам Савецкага Саюзу.
Творчасць Уладзіміра Басалыгі як мастака-графіка пачынаецца з афармлення зборніка вершаў Сяргея Грахоўскага. Сярод найбольш цікавых прац у кніжнай графіцы — ілюстрацыі да кнігі «Мая Іліяда» Уладзімера Караткевіча, «Крык жураўліны» Максіма Танка, «Невадам з Нёмана» Ларысы Геніюш.
З канца 1970-х і ўсе 1980-я гады працаваў над графічнай серыяй «Помнікі дойлідства Беларусі», якую склалі больш за тры дзясяткі аўтарскіх твораў. На стварэнне серыі натхніў Уладзімір Караткевіч, якога Басалыга лічыў сябрам і аднадумцам.
Не раз за сваё жыццё яго абвінавачвалі ў нацыяналізме. Праз усё жыццё пранёс усведамленне, што першымі сімваламі культуры беларусаў былі бел-чырвона-белы сцяг і «Пагоня».
За асабістыя дасягненні ў галіне выяўленчага мастацтва ў 1991 годзе быў узнагароджаны медалём імя Францішка Скарыны. Лаўрэат шматлікіх міжрэспубліканскіх і ўсесаюзных і конкурсаў, уладальнік блізу паўсотні дыпломаў.
Меў жонку, выгадаваў траіх дзяцей, унукаў.
Выказваем шчырыя спачуванні родным і сябрам Уладзіміра Басалыгі