Папа Францішак спадзяецца на пазітыўнае рашэнне адкладзеных пытанняў з Беларуссю

25 верасня Папа Рымскі Францішак прыняў на аўдыенцыі Апостальскага Нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Клаўдыё Гуджэроцці.



papa_nuncyj.jpg

Адзначыўшы ролю Беларусі ў працэсе аднаўлення міру ва Украіне, Пантыфік выказаў перакананне, што асаблівая роля хрысціян — быць міратворцамі, бо любоў мацнейшая за любыя этнічныя падзелы і палітычныя рознагалоссі.

Папа з энтузіязмам даведаўся, што Каталіцкі Касцёл у Беларусі застаецца жывой і актыўнай супольнасцю, і затрымаўся на важных сёлетніх падзеях жыцця беларускіх католікаў. Пантыфік падкрэсліў, што Ватыкан працягне намагацца дзейнічаць на карысць беларускага народа, і выказаў надзею, што атмасфера  дыялогу і ўзаемапаразумення паміж Святым Пасадам і Беларуссю будзе ўмацоўвацца, дазваляючы знайсці пазітыўнае рашэнне некаторых адкладзеных пытанняў, паведамляе Catholic.by.

Апостальскі Нунцый перадаў Папу Францішку некалькі пілігрымскіх футболак ад беларускай каталіцкай моладзі, якая сёлета пілігрымавала ў санктуарый Маці Божай Будслаўскай. Папа выказаў надзею, што маладыя беларусы, незалежна ад веравызнання і перакананняў, адчуваюць сябе пратаганістамі будучыні, людзьмі неабыякавымі да супольнага дабра сваёй краіны і ўсяго чалавецтва. Апроч таго, Пантыфік запэўніў, што моліцца за моладзь Беларусі і ўвесь беларускі народ.

Нагадаем, што з 2008 года Беларусь рыхтуецца да падпісання канкардату з Ватыканам, аднак заключэнне дамовы ўвесь час адкладваецца.

krynitsa.info