Партрэт Юрыя Захаранкі з'явіўся каля помніка загінулым міліцыянтам
Актывісты ўшанавалі памяць зніклага 17 гадоў таму экс-міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранкі. Ягоны партрэт быў усталяваны каля помніка міліцыянтам, якія загінулі пры выкананні службовага доўгу, у Мінску.
«Мы памятаем. 17 гадоў таму быў выкрадзены Юрый Захаранка», — напісалі пра акцыю ў сацыяльных сетках.
Экс-міністар унутраных спраў, адзін з лідараў апазіцыі ў канцы 1990-х гадоў, Юры Захаранка быў выкрадзены невядомымі 7 траўня 1999 году ў Мінску, непадалёк ад свайго дому. Афіцыйнае следства дагэтуль не знайшло злачынцаў, якія выкралі апазіцыянэра, і тых, хто замовіў гэтае выкраданне. Аднак, паводле актывістаў апазіцыі, праваабаронцаў і былых супрацоўнікаў міліцыі, да выкрадання былі датычныя цяперашні памочнік Лукашэнкі Віктар Шэйман, былы камандзір брыгады спецназу ўнутраных войскаў МУС Дзмітрый Паўлічэнка, а замова на злачынства прыйшла з самага верху беларускага кіраўніцтва.
Два месяцы таму 92-гадовай маці Юрыя Захаранкі Ульяне Рыгораўне Захаранка, якая жыве ў пасёлку Васілевічы Гомельскай вобласьці, з пракуратуры зноў адказалі, што раследаванне справы аб знікненьні яе сына на чарговы тэрмін працягнутае.
Радыё Свабода