Парыж стаў горадам-прывідам

Сябра ГА “БАЖ”, журналістка Аліна Радачынская 16 лістапада вярнулася з Парыжу. Пра яе ўражанні ад Парыжу пасля тэрактаў распавядае baj.by.



paris1.jpg

Фота Аліны Радачынскай, journalby.com

Пяцёра сябровак — Аліна РадачынскаяТаццяна КаравянковаЮлія ДарашкевічСвялтана Зінкевіч і Юлія Коцкая — скіраваліся ў французскую сталіцу адсвяткаваць дзень народзінаў апошняй. Дзяўчаты прыляцелі ў Парыж акурат напярэдадні тэрактаў, 13 лістапада. 

Людзі “звонку” ведалі больш

Па словах Аліны, у пятніцу яны яшчэ гулялі па горадзе, бачылі паліцыю ў бронекамізэльках з аўтаматамі, але не надалі гэтаму ўвагі. “Падумалі — ­ну, ці мала што, вялікі ж горад. Шчаслівыя людзі без інтэрнэту! А потым пачалі ўжо людзі тэлефанаваць, пісаць нам…”

— Субота проста сышла на перапіску з калегамі. Юля Коцкая вяла трансляцыю на “Свабодзе”, Таня Каравянкова перадавала інфармацыю на БелаПАН, я напісала для “Беларусского журнала”. Потым мы вырашылі, што ўсё ж не варта гэтак уцягвацца ў працу. Але ў ноч на панядзелак я сама, асобна ад астатніх, схадзіла на адно з месцаў нападу. Гэта такі дзіўны стан: журналісцкі зуд пачынаецца, і хочацца ўсё кінуць і пайсці штосьці пісаць, трансляваць, перадаваць… Мне падаецца, што нармалёвыя людзі ўсё ж сядзелі б у кватэры. 

Але, насамрэч, людзі “звонку” ведалі больш за нас. Мы маглі толькі распавядаць, што навокал адбываецца. Паколькі ніхто з нас не валодае французскай, немагчыма было глядзець мясцовае тэлебачанне. А французы не надта добра ведаюць ангельскую. Некаторыя з іх і не супраць былі пагаварыць пра тое, што думаюць, але ж па-французску!

Фйэсбук-пазнака “ў бяспецы” дала адваротны эфект   

— Калі Фэйсбук бачыць па нейкіх геатэгах, што ты ў раёне бедства ці некіх надзвычайных падзеяў, ён прапануе скарыстацца адмысловай функцыяй  “пазначыць сябе ў бяспецы”. Мы ёй скарысталіся, але атрымаўся адваротны эфект.

Па ідэі, функцыя скіраваная на тое, каб людзі, якія ведаюць, дзе ты, не непакоіліся. А ў выніку атрымалася, што тыя, хто не ведаў, даведаліся і сталі непакоіцца.

Я памятаю, хтосьці з маіх знаёмых быў у раёне землятрусу — дык асобным “штуршком” прыходзіла, што гэты чалавек у бяспецы...

Карыкатура ў “Charlie Hebdo”: Парыж сапраўды стаў горадам-прывідам

xw_1176434.jpg

Фота: charliehebdo.fr

На карыкатуры — выявы прывідаў парыжан (прывіды з вусікамі, з французскімі багетамі пад пахай) з подпісам “Французы вяртаюцца да нармальнага жыцця”. Калі з'явілася карыкатура, дзяўчаты былі ўжо ў дарозе і не ведаюць, як адрэагавалі на яе ў Францыі.

— Па мне дык тое, што “Charlie Hebdo” так адлюстравалі парыжанаў, — гэта не карыкатура. Гэта проста вельмі сумны малюнак пра рэчаіснасць. З аднаго боку, яны як бы “вымерлі”, а з іншага — кажуць пра жаданне жыць нармальным жыццём.

Парыж стаў горадам-прывідам. У суботу ў першай палове дня было незразумела — ці ён такі пусты, таму што выходны, ці таму што гэта ўсё здарылася. Фактычна з мясцовых мы бачылі толькі афіцыянтаў, астатнія — турысты. Усё было зачынена. У нядзелю трохі пачаўся рух, людзей на вуліцах стала больш. У тых, з кім удалося пагутарыць, асноўны пасыл быў такі: “Мы будзем старацца жыць нармальным жыццём”. Пры гэтым яны вельмі мала гавораць пра тое, што адчуваюць.

Мне давялося быць у Польшчы, калі ўпаў самалёт Качыньскага. Там у любой кропцы ты адчуваў, што ў краіне нешта здарылася — чорныя стужкі, сцягі і г.д. У Парыжы няма ні сцягоў, ні чорных стужак. Нават далёка не на ўсіх крамах віселі паперкі з тлумачэннямі, чаму яны не працуюць.

На плошчы Рэспублікі — там жа, дзе была жалоба па “Charlie Hebdo” — плакаты “Je suis Charlie” проста пакрыліся слоем новых кветак і знічак з нагоды новага тэракту. І ў месцах, дзе была страляліна і выбухі, таксама стаяць знічкі і ад рукі напісаныя цыдулкі.

Магчыма, гэтая карыкатура — якраз на тых, хто спрабуе жыць нармальным жыццём і кажа —“вы хочаце, каб мы баяліся, а мы ўсё адно будзем жыць”? Натуральна, што гэта не надта пакуль атрымліваецца…