Пасольствы ФРГ і Францыі адкрваюць кнігу спачуванняў у сувязі з крушэннем самалёта Germanwings
Федэратыўная Рэспубліка Германія смуткуе па ахвярах авіякатастрофы 24 сакавіка 2015 года, у выніку якой адбылося крушэнне самалёта авіякампаніі Germanwings з пасажырамі з розных краін.
У сувязі з гэтым Пасольствам Федэратыўнай Рэспублікі Германія сумесна з Пасольствам Францыі будзе адкрыта кніга спачуванняў у рэзідэнцыі германскага Пасла, вул. Старавіленская, 44.
Запісы ў кнігу спачуванняў можна будзе зрабіць у пятніцу, 27 сакавіка 2015 г., з 10 да 14 гадзін.
Нагадаем, самалёт Airbus A320 авіякампаніі Germanwings, які выконваў рэйс з Барселоны ў Дзюсэльдорф, пацярпеў крушэнне на поўдні Францыі 24 сакавіка. Катастрофа здарылася на тэрыторыі дэпартамента Альпы Верхняга Праванса.
На борце самалёта знаходзілася 148 чалавек — 142 пасажыры і шэсць членаў экіпажа.
Прэзідэнт Францыі Франсуа Аланд паведаміў, што ніхто з 148 чалавек не выжыў. Паводле яго слоў, большасць пасажыраў складаюць грамадзяне Германіі, якія вярталіся з Барселоны.
Франсуа Аланд таксама адзначыў, што самалёт пацярпеў катастрофу ў мясцовасці, доступ да якой абцяжараны. Па дадзеных авіяцыйнага ведамства Францыі (DGAC), самалёт разбіўся недалёка ад французскага горада Барселоннет прыкладна ў ста кіламетрах на поўнач ад Ніцы.
Паводле паведамлення Пасольства ФРГ