Паўла Левінава не адпусцілі з ізалятару ў Віцебскі абласны суд

У віцебскага праваабаронцы на 8-га чэрвеня прызначаны разгляд касацыйнай скаргі ў абласным судзе.

11b4aa76_7b2c_4e08_96bf_f753a096217b_w1023_r1_s.jpg

Учора цягам дня вырашалася, ці дазволяць арыштаванаму, які адбывае 15 сутак, бараніць свае інтарэсы ў судзе.
Урэшце вырашылі, што ў суд Паўла Левінава не павязуць, бо заканадаўствам не прадугледжана абавязковая прысутнасць скаржніка на паседжанні.
Паўла Левінава пазбавілі права на абарону сваіх інтарэсаў у Віцебскім абласным судзе — так лічаць і сам праваабаронца, і ягоны брат Андрэй Левінаў, якому дазволілі спатканьне з Паўлам у ІЧУ. Спадар Андрэй распавёў:
«Я спрабаваў трапіць да Паўла ўжо назаўтра пасля зняволення. Але мяне не пусцілі — запатрабавалі даверанасць, завераную натарыўсам. Гэта парушэнне, бо я маю іншыя даверанасці, паводле якіх мяне дапускалі нават у суд у якасці абаронцы. Я напісаў скаргу. І вось учора намеснік начальніка ІЧУ мне сказаў: «Няма праблем, прыходзьце!»
Паводле брата, Павал Левінаў настроены аптымістычна. Вялікіх скаргаў на здароўе праваабаронца ня мае, але на ягоную просьбу яму штодня мераюць ціск. Ціск падвышаны.
У камеры Левінаў знаходзіцца адзін, без суседзяў. Павал Левінаў абвясціў, што на працягу свайго арышту будзе праводзіць маніторынг умоваў утрымання ў Віцебскім ІЧУ. Павал дзякуе ўсім за лісты і паштоўкі. Ён атрымаў ужо больш за 30 розных допісаў са словамі падтрымкі.
Паводле svaboda.org