Паўтысячы чалавек удзельнічалі ў традыцыйным кармленні галубоў у Брэсце

Днём 23 чэрвеня на плошчы Леніна ў Брэсце прайшло традыцыйнае кармленне галубоў у знак пратэсту супраць будаўніцтва пад Брэстам акумулятарнага завода. Акцыя атрымалася адной з самых масавых у гэтым годзе: яна сабрала больш за 500 удзельнікаў.

facebook.com

facebook.com

За гадзіну да пачатку кармлення ў ДК прафсаюзаў пачалася раней анансаваная сустрэча старшыні Брэсцкага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Аляксандра Гарошка з насельніцтвам. Мадэратарам на ёй выступіў старшыня Брэсцкага гарвыканкама Аляксандр Рагачук.
Аднак праціўнікі будаўніцтва пад Брэстам акумулятарнага завода на гэтую сустрэчу не пайшлі. Яны ўпэўненыя — сустрэча з Аляксандрам Гарошкам спецыяльна была прызначаная на 11 раніцы нядзелі, каб людзі пайшлі ў ДК прафсаюзаў і не выйшлі на плошчу. Больш за тое, па словах актывістаў, сёння ў 12.40 Аляксандр Рагачук павінен быў сустрэцца з імі ў актавай зале аблсавету Федэрацыі прафсаюзаў побач з плошчай. Аднак раніцай аказалася, што кіраўнік Брэста ўсё ж будзе на сустрэчы ў ДК.
Будаўніцтва акумулятарнага завода на прамысловай пляцоўцы «Аэрапорт» у СЭЗ «Брэст» пачалося ў канцы 2017 года. Яго запуск першапачаткова планаваўся ў жніўні 2018 года, потым у канцы 2018 года. У 2019 годзе тэрміны таксама не раз падаўжаліся.
Адначасова з будоўляй у Брэсцкім рэгіёне пачалася кампанія супраць з'яўлення ў СЭЗ гэтага прадпрыемства. На працягу ўсяго гэтага часу ініцыятыўная група берасцейцаў і жыхароў раёна, а таксама яе прыхільнікі пастаянна заяўлялі пра шматлікія парушэнні на розных этапах рэалізацыі праекта. Прадстаўнікі завода запэўнівалі, што парушэнняў няма, да нядаўніх часоў пра гэта казалі і чыноўнікі.


Пачынаючы з 5 сакавіка 2018 года кожную нядзелю праціўнікі завода выходзяць на плошчу Леніна пакарміць галубоў і тым самым выказаць свой маўклівы пратэст супраць будаўніцтва ў СЭЗ «Брэст» акумулятарнага завода. За гэты многіх з іх не раз затрымлівалі і штрафавалі.
Толькі аднойчы людзям дазволілі сабрацца і пратэставаць — мітынг «Брэстчанкі супраць свінцу» прайшоў 29 красавіка 2018 гадоў ў парку воінаў-інтэрнацыяналістаў і сабраў каля 2 000 чалавек. У наступным шматлікія заяўкі на правядзенне мітынгаў і пікетаў супраць завода былі пакінутыя без задавальнення.
Кампанія па барацьбе з заводам ўжо стала самым доўгім пратэстам у гісторыі сучаснай Беларусі. Актывісты заяўляюць, што будуць выходзіць на плошчу і несці кругласутачнае дзяжурства каля завода, з фота- і відэафіксацыяй да таго часу, пакуль прадпрыемства не будзе закрыты.
b-g.by