Павал Севярынец: “Адказнасць за лёсы палітвязняў найперш ляжыць на нас, беларусах”
Шчыры, харызматычны, усмешлівы, таленавіты, гэты чалавек проста падкупае сваёй манерай размаўляць і разважаць. Не выпадкова ён гаворыць, што нават на “хіміі” ўдавалася працаваць з людзьмі.
Пасля вызвалення са спецкамендатуры ў Купліне Павал Севярынец ізноў актыўна ўключыўся ў працу аргкамітэту па стварэнні “Беларускай хрысціянскай дэмакратыі”. Неўзабаве пасля прыезду Паўла ў Мінск рalitviazni.info запісалі гэта кароткае інтэрв’ю, у якім, аднак, нядаўні палітвязень адказвае на адно з найважнейшых пытанняў — як дабіцца вызвалення ўсіх астатніх?
— Павал, што вы можаце сказаць пра ўмовы вашага ўтрымання? Ці стварала адмысловыя праблемы адміністрацыя, сыходзячы з вашага палітычнага статуса?
— Насамрэч на “хіміі” лягчэй, чым у турме, чым у “зоне” — зразумела, дзякуй Богу. Можа быць, я знаходзіўся ў больш кепскіх умовах адносна тых, хто атрымаў хатні арышт альбо ўмоўны тэрмін, але ў лепшым становішчы адносна тых, хто зараз сядзіць у турмах ці “зонах”.
Паколькі на “хіміі” была магчымасць паведамляць пра ўсё праз мабільную сувязь, то адміністрацыя баялася адкрытых правакацый, і супраць мяне іх не ўжывалі. Таму што любыя гвалтоўныя дзеянні тут жа станавіліся вядомыя грамадскасці. Калі мяне спрабавалі, напрыклад, пазбавіць магчымасці хадзіць у царкву, казалі, што я абмежаваны ва ўсім, што абмежаванне волі — гэта абмежаванне ў тым ліку і свабоды веравызнання, удалося за пару дзён проста гэта “адбіць”, і мне далі дазвол наведваць царкву. Калі ўладкавалі на працу, удалося адстаяць працу паводле Працоўнага кодэксу, з 8 да 17 гадзінаў пяць дзён на тыдзень, усё астатняе — толькі са згоды наймальніка. Маёй згоды на гэта не было.
Хоць я і “хімік”, але гэтыя правы маю. Таму машына не магла ламаць мяне, бо тут ужо і грамадская думка, і закон былі на маім баку. Ну і, урэшце, паколькі такі сімбіёз, як кажуць, такое суіснаванне, адміністрацыя цярпела “палітычнага” і, можа быць, старалася асабліва яго не кранаць, дачакацца, пакуль ён сыдзе.
З другога боку, мае задачы і праца з людзьмі, якія прыязджалі да мяне, з асуджанымі — усё гэта сталася магчымым. Удавалася праводзіць біблейскія віктарыны, напрыклад, на “хіміі” — раз на два тыдні. Удавалася перапісвацца: 2,5 тысячы лістоў атрымаў, і ўсім, у каго быў зваротны адрас, адпісаў. Больш за 230 чалавек сталі падпісчыкамі хрысціянска-дэмакратычнай “Крыніцы”. То бок, бачыце, працаваць было магчыма.
— А як вы пракаментуеце сітуацыю з палітвязнямі, якія зараз у зняволенні? Ёсць інфармацыя, што на іх зараз адбываецца ціск, у прыватнасці, на Аўтуховіча…
— Гэта значна больш цяжкі выпадак, гэта, канечне, не “хімія”. У турме можна рабіць з чалавекам практычна усё. Таму Аўтуховіч быў даведзены да такога стану, што вымушаны быў ускрываць сабе жывот, таму Васьковіч не вылазіць з карцэраў, таму і Дашкевіч, якога я ўчора бачыў, гэта проста скура і косці — хлопец у самым росквіце сіл, 32 гады, а ён ужо жоўты проста. Нягледзячы на тое, што ў яго агромністая ўнутраная сіла, вось так турма проста гноіць чалавека. Таму там, безумоўна, ціск наймацней. На Статкевіча, на Бяляцкага ціск наймацней, там пазбаўленне перадачаў, там сукамернікі, якія не толькі даюць інфармацыю, але яшчэ і часам правакуюць. Гэта рэальнасць, з якой сутыкаўся кожны, хто сядзеў у беларускай турме. Савецкая карная сістэма — яна працуе. І тут застаецца толькі маліцца за тых, хто там, дапамагаць ім, старацца як мага наблізіць час іхняга вызвалення.
— Якія, на ваш погляд, захады мусіць рабіць і ўнутры краіны беларуская грамадскасць, і знешняя міжнародная дэмакратычная грамадскасць, каб хутчэй палітвязні выйшлі на волю?
— Я перакананы, што галоўны, ключавы чыннік — гэта ўнутрыбеларускі ціск. Калі будзе беларускі ціск, тады еўрапейцы змогуць займаць больш прынцыповую пазіцыю, гэта адназначна.
Калі беларускага ціску не будзе, нават мінімальнага — тады еўрапейцы паўстануць перад пытаннем, што рана ці позна трэба здаваць пытанне палітвязняў у архіў. Што пакрокава, на мой погляд, і адбываецца зараз. Але адказнасць за гэта не на еўрапейцах ляжыць, вось тут, маё перакананне: адказнасць ляжыць на нас.
У свой час Хрысціянская дэмакратыя праводзіла хвалю салідарнасці, і кожны дзень у адным горадзе мы праводзілі акцыю падтрымкі палітвязняў: расклейку ўлётак, распаўсюд інфармацыі, фільмы, пікеты, расцяжкі… Вось калі гэта будзе адбывацца кожны дзень, калі гэта будзе адбывацца з удзелам тысячаў людзей (а гэта магчыма нават пры сённяшняй сітуацыі, пры сённяшнім рэжыме) — тады, я больш чым упэўнены, палітвязні выйдуць літаральна праз некалькі месяцаў. Таму арганізаваць такую сістэму, інфармаваць людзей пра палітвязняў — вось цяпер, падчас статусных акцыяў дэмакратычных сіл, — гэта проста задача гонару. Гэта задача, якая не абмяркоўваецца, яна павінна стаяць першай. Калі адзін за ўсіх, то ўсе — за аднаго!