Павел Сапелка: Змагаліся недарэмна

«Пакуты людзей, якія звязаны са стратай блізкага чалавека, дзяржава ацэньвае не вельмі вялікімі сумамі», — кажа юрыст Павел Сапелка.

sapelka_2.jpeg

Як вядома, Мінскі гарадскі суд пакінуў у сіле рашэнне аб кампенсацыі маральнай і матэрыяльнай шкоды ў справе сям’і Ігара Пцічкіна, які загінуў у СІЗА № 1.

Суд першай інстанцыі пастанавіў спагнаць з Міністэрства ўнутраных спраў 30 тысяч рублёў маральнай і яшчэ 6 тысяч рублёў матэрыяльнай кампенсацыі на карысць маці і сястры загінулага. Нагадаем, што ў маі 2013 года суд Заводскага раёна Мінска прыгаварыў 21-гадовага Ігара Пцічкіна да трох месяцаў адміністрацыйнага арышту за тое, што ён кіраваў аўтамабілем, будучы пазбаўленым пасведчання вадзіцеля. У канцы ліпеня маладога чалавека накіравалі ў СІЗА №1, а праз некаторы час супрацоўнікі ізалятара паведамілі сваякам, што Пцічкін памёр ад сардэчнага прыступу.

Пазней следства інфармавала: маўляў, маладога чалавека шпіталізавалі, таму што ў яго сталі выяўляцца і нарастаць прыкметы вострага псіхічнага расстройства. Пцічкін нібыта сістэматычна ўжываў алкаголь і курыльныя сумесі з наркатычнымі і псіхатропнымі рэчывамі.

Амаль тры гады спатрэбілася маці Ігара, каб з дапамогай праваабаронцаў дамагчыся ўзбуджэння крымінальнай справы за неналежнае выкананне прафесійных абавязкаў фельчарам медчасткі СІЗА №1, якое пацягнула па неасцярожнасці смерць пацыента.

— У выніку фельчар быў прыгавораны да трох гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі ва ўмовах пасялення, — нагадваеПавел Сапелка. — Яго прызналі вінаватым у неналежным выкананні прафесійных абавязкаў, што прывяло да смерці Пцічкіна. А маці і сястра загінуўшага хлопца з дапамогай праваабаронцаў падрыхтавалі іск, каб атрымаць кампенсацыю за нанесены маральны і матэрыяльны ўрон. Агулам першапачатковая сума, якую патрабавалі маці і сястра Пцічкіна, складала каля 103 тысяч долараў. Але суд вырашыў, што МУС павінен заплаціць 36 тысяч рублёў (каля 18 тысяч даляраў). І, шчыра кажучы, я чакаў, што гэтая сума будзе яшчэ меншая, бо, на жаль, у нас судовая практыка такая, што дзяржава пакуты людзей, звязаныя са стратай блізкага чалавека, ацэньвае не вельмі вялікімі сумамі. 

— Сям’я не абскарджвала гэтае рашэнне суда?

— Не, яны вырашылі не абскарджваць тое, што датычыцца кампенсацыі. І ўвогуле, наколькі мне вядома, гэтая сума не была для іх нейкай самамэтай. Яны не жадалі зарабіць на смерці сына і брата. А ўвогуле, калі б у свой час Жана Пцічкіна пагадзілася б з пазіцыяй Следчага камітэта, то сёння, магчыма, не дачакаліся б ні праўды, ні кампенсацыі. Але сям’я змагалася за праўду да канца. Ды і праваабаронцы таксама падымалі гэтае пытанне на розных узроўнях і заяўлялі, што дзяржава павінна прыняць адэкватныя меры па расследаванні справы і прыцягненні да адказнасці вінаватых. І, як бачым, змагаліся не дарэмна.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя