Павялічваецца колькасць затрыманых у Курапатах

У Курапатах больш за пятнаццаць затрыманых. На месцы крыжоў узводзяць плот.

Фота Арцёма Лявы

Фота Арцёма Лявы


Сярод затрыманых 4 красавіка ў Курапатах: Павел Севярынец, Дзяніс Урбановіч, Зміцер Дашкевіч, Філіп Шаўроў, Ніна Багінская, Валер Рабцаў, Валянціна Яроменак, Арцём Кляпец, Віталь Трыгубаў і іншыя.
Кіраўнік Беларускай каталіцкай царквы архіепіскап Кандрусевіч заклікаў спыніць знос крыжоў у Курапатах.
«Нечаканы знос крыжоў выклікае, мякка кажучы, здзіўленне. Ніхто не кажа пра тое, што не трэба ўпарадкаваць тэрыторыю ўрочышча Курапаты, але не коштам абразы пачуццяў вернікаў. Я лічу, што неабходна арганізаваць грамадскае абмеркаванне плану ўпарадкавання тэрыторыі Курапатаў з удзелам прадстаўнікоў розных веравызнанняў.
Больш за тое, акцыя зносу крыжоў праводзіцца падчас Вялікага посту, калі ўсе хрысціяне свой позірк скіроўваюць на Крыж Хрыста — знак нашага збаўлення і надзеі. З крыжам ваявалі атэісты, нішчылі яго. На вялікі жаль, сёння, калі афіцыйна няма дзяржаўнай ідэалогіі атэізму, яна зноў рэальна праяўляецца.
Заклікаю адказных за знос крыжоў тэрмінова спыніць гэтыя дзеянні і шляхам дыялогу розных палітычных і грамадскіх сіл з удзелам прадстаўнікоў розных веравызнанняў распачаць працэс урэгулявання сітуацыі.
Наша краіна патрабуе стабільнасці, а раскачванне чоўна палітычнага і грамадскага жыцця супярэчыць гэтаму. Крыж не павінен падзяляць, бо ён яднае неба з зямлёю, а людзей — паміж сабою ў адзіную сям’ю братоў і сясцёр. Нездарма нават вядомы кожнаму з першага класа знак складання выглядае менавіта ў форме крыжыка», — гаворыцца ў заяве. 
Тым часам, як паведаміў НЧ удзельнік Курапацкай варты Леанід Кулакоў, на месцы знесеных крыжоў зараз узводзяць амаль двухметровы плот.