Пазіцыі грамадскасці і дзяржавы наконт Курапат не пярэчаць
Да такой высновы прыйшлі прадстаўнікі грамадскай ініцыятывы “За ўратаванне мемарыялу “Курапаты па выніках сустрэчы з начальнікам упраўлення па ахове
гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Ігарам Чарняўскім
Сустрэча грамадскасці з Ігарам Чарняўскім
У сустрэчы, каторая адбылася 13 снежня ў Мінску, удзельнічалі актывісты ініцыятывы, у тым ліку старшыня аддзялення міжнароднага “Мемарыялу ў Беларусі, былы вязень ГУЛАГу
Уладзімір Раманоўскі, былы вязень ГУЛАГу Сяргей Ханжанкоў, старшыня грамадскага аб’яднання “Хрысціянская злучнасць “Курапаты Вацлаў Нямковіч, культуролаг Вацлаў
Арэшка і Аляксандр Макаў, каторы 1 лістапада 2008 года разам з Алегам Свірыдавым затрымаў ў Курапатах вандалаў і пазней за гэта страціў працу.
Сярод пытанняў, якія ўзнімаліся пад час сустрэчы — аспекты ахоўнай зоны гісторыка-культурнай каштоўнасці міжнароднага значэння “Месца згубы ахвяраў палітычных рэпрэсій 1930-1940-х
гадоў ва ўрочышчы Курапаты, сітуацыя вакол будаўніцтва на паўночным ускрайку ляснога масіву рэстаранна-забаўляльнага комплексу “Бульбаш-хол, праблемы мемарыялізацыі
ўрочышча і шляхі супрацоўніцтва па захаванні нацыянальнага некропалю.
Як адзначыў Чарняўскі, схема ахоўных зонаў у Курапатах была зацверджана пастановай Мінкультуры ад 12 мая 2004 году і да гэтай пары застаецца нязменнай. Паводле ягоных слоў, схема, падрыхтаваная ім
асабіста, тычыцца 25 гектараў тэрыторыі, каторая прылягае да помніка і складаецца з трох зонаў — непасрэдна ахоўнай, рэгулюемай забудовы і захавання навакольнага асяроддзя, для карыстання
якімі пазней былі падрыхтаваныя адпаведныя рэгламенты. Чарняўскі распавёў, што схема ахоўных зонаў складзена на падставе праекту ахоўных зонаў, рапрацаваным спецыялістамі сталічнага УП
“Праектрэстаўрацыя Вольгай Кукуня і Таццянай Косціч.
Дзеючая схема ахоўных зонаў урочышча
Праект ахоўных зонаў Курапат (аўтары Вольга Кукуня і Таццяна Косціч)
Трэба мець на ўвазе, што гэты навукова і гістарычна абгрунтаваны праект тычыцца 50 гектараў тэрыторыі вакол Курапатаў і разам з яго ахоўнымі зонамі прадугледжвае мемарыялізацыю ўрочышча са
стварэннем адмысловага музея і пабудовай храмаў розных канфесій. Прычым, Кукуня бачыць мемарыял “у выглядзе парослага збажыной поля – поля жалобы і смутку, па якім віецца апошняя
дарога бязвінных ахвяр — дарога за небакрай. Гаворка ідзе пра шлях на полі паміж Курапатамі і вуліцай імя Пятра Мірашнічэнкі, па катораму ў даваенныя гады на “чорных
варанках вазілі ахвяраў на расстрэл з Мінска ва ўрочышча. Пры гэтым Кукуня ўпэўнена, што на ідэю мемарыяла і на яго архітэктурна-мастацкае ўвасабленне мусіць быць аб’яўлены
міжнародны конкурс. Дарэчы, хаця зацверджаная схема ахоўных зонаў уключае толькі палову тэрыторыі, прапанаванай спецыялістамі “Праектрэстаўрацыі, іх ідэя мемарыялізацыі
Курапат застаецца мажлівай і сёння. Справа ў тым, што ў дзеючую схему ахоўных зонаў увайшоў палявы шлях — так званая “дарога смерці. Акрамя таго, трэба ўлічваць, што
згодна з рэгламентам зоны аховы яе тэрыторыя “можа быць выкарыстана для ажыццяўлення мерапрыемстваў, звязаных ў мемарыялізацыяй гісторыка-культурнай
каштоўнасці.
Разам з тым, як зазначыў Чарняўскі, праект мемарыялізацыі можа быць выкананы толькі пасля прыняцця дзяржавай адмысловага прававога дакумента. “А пасля мемарыялізацыі Курапат можа быць
вырашана пытанне аб уладальніку помніка. Справа ў тым, што сёння ўрочышча належыць двум уладальнікам: “Мінскай птушкафабрыцы №1 (зямля) і УП “Мінская лесапаркавая
гаспадарка (лясны масіў). “Але ж для апошняга ўладальніка, каторы падпісаў ахоўныя абавязацельствы на Курапаты, утрыманне помніка гісторыі і археалогіі, яго мемарыялізацыя і
музеефікацыя не з’яўляюцца асноўнымі формамі дзейнасці. Хаця прадпрыемства прыкладае адпаведныя высілкі для падтрымкі тэрыторыі ўрочышча ў нармальным стане, праводзячы санітарныя высяканні
лесу, прыборку смецця і яго вываз, яно не мае мэтавых сродкаў для замовы праекту мемарыялізацыі. На сёння і дзяржава не мае сродкаў на ажыццяўленне такога праекту, — сказаў
Чарняўскі. Акрамя таго, паводле ягоных слоў, маюць месца складанасці арганізацыйнага характару, звязаныя з тым, што Курапаты знаходзяцца на тэрыторыі Мінскай вобласці і сталіцы.
Далей спадар Чарняўскі распавёў, што ў 2005-2006 гадах з бізнесменам, каторы прыдбаў пляц зямлі ў зоне рэгулюемай забудовы Курапат, Мінкультуры ўзгадніла праект “Прыдарожны сэрвіс на 51-м
кіламетры МКАД і прапанавала рэалізаваць яго ў формах традыцыйнай беларускай архітэктуры. Аднак пазней гэты зямельны пляц быў прададзены СТАА “БелРэстІнвест, якое
ўзгадніла свой праект комплексу “Бульбаш-хол толькі з Мінскім аблвыканкамам і пачало будаўнічыя працы без адпаведнага дазволу Міністэрства культуры, сказаў Чарняўскі. У выніку,
паводле ягоных слоў, 4 доміка “Бульбаш-холу ўзведзены ў ахоўнай зоне Курапат. “У гэтай сітуацыі Міністэрства культуры выдала “БелРэстІнвесту і
Мінаблвыканкаму прадпісанне аб спыненні работ на тэрыторыі зоны аховы помніка. Аднаўленне гэтых работ магчыма толькі пасля пераносу збудаванняў комплексу з ахоўнай зоны і ўзгаднення праекту ў
Міністэрстве культуры, — падкрэсліў Чарняўскі. У свой час ён выказаў кіраўніцтву заказчыка сваё асабістае меркаванне, што назва і функцыянальныя нагрузкі комплексу выходзяць за
межы ранейшага праекта будаўніцтва прыдарожнага сервісу каля Курапат, дазволенага Мінкультуры.
Пры гэтым Чарняўскі звярнуў увагу на тое, што згодна з заканадаўствам рэгламент зоны рэгулюемай забудовы Курапатаў абмяжоўвае правы зямельных уласнікаў толькі ўзвядзеннем ў гэтай зоне будынкаў малой
высотнасці (да трох паверхаў) і правядзеннем добраўпарадкавання тэрыторыі ўчастку, але не абмяжоўвае правы бізнесменаў па назве аб’екта і яго функцыях.
Паколькі несумяшчальна знаходжанне побач такіх розных па сваім значэнні і прызначэнні аб’ектаў, як рэстаранна-забаўляльны комплекс і Курапаты, гэты канфлікт трэба ўлічваць пры падрыхтоўцы
праекту закона аб ахоўных зонах нерухомых гісторыка-культурных каштоўнасцяў, распрацоўкі і прыняцця каторага будзе дабівацца ініцыятыва “За ўратаванне мемарыяла
“Курапаты.
Напрыканцы начальнік упраўлення Мінкультуры паведаміў, што кіраўніцтва “БелРэстІнвесту прапанавала падтрымаць мемарыялізацыю, утрыманне і добраўпарадкаванне тэрыторыі Курапат. Пры
гэтым Ігар Чарняўскі запэўніў прадстаўнікоў грамадскасці, што “не плануецца аніякай няўзгодненай мемарыялізацыі ўрочышча з боку “БелРэст Інвесту і абверг інфармацыю СМІ
пра тое, што заказчык накіраваў у Мінкультуры праект мемарыялізацыі гісторыка-культурнай каштоўнасці.
Каментуючы вынікі сустрэчы, Вацлаў Арэшка выказаў меркаванне пра неабходнасць чарговай сустрэчы прадстаўнікоў ініцыятывы з новапрызначаным міністрам культуры Барысам Святловым, каб пазнаёміць яго з
сітуацыяй вакол Курапат з сувязі з ўзвядзеннем “Бульбаш-холуі неабходнасцю захаваць ва ўрочышчы статус-кво да лепшых часоў, калі стане мажлівай мемарыялізацыя гэтага знакавага
месца.
Аднак Уладзімір Раманоўскі выказаў спадзяванне на тое, што ў наступным годзе, калі будзе адзначацца 25-годдзе адкрыцця Курапат, адбудуцца нейкія зрухі ў вырашэнні праблем добраўпарадкавання і
мемарыялізацыі ўрочышча.
Нагадаем, што 6 лістапада ў сувязі з пратэстамі грамадскасці супраць будаўніцтва “Бульбаш-холу была адноўлена дзейнасць ініцыятывы “За ўратаванне мемарыяла
“Курапаты, створанай ў канцы верасня 2001 года ў адказ на пашырэнне ўладамі Мінскай кальцавой аўтадарогі без праектнай дакументацыі і шырокага грамадскага абмеркавання, а таксама ў
сувязі з небяспекай страты гісторыка-археалагічанага помніка.