Пенсіянерка просіць кіраўніцтва Беларусі дапамагчы аплаціць штрафы
Пенсіянерка з Бабруйску, актывістка Грамадзянскай ініцыятывы супраць беззаконнасці ў судах і пракуратуры Любоў Санкевіч просіць кіраўніцтва Беларусі дапамагчы аплаціць штрафы за несанкцыянаваныя пікетаванні.
За гэтыя акцыі на сталічнай плошчы Свабоды, што адбыліся 31 сакавіка і 12 мая, 65-гадовая жанчына двойчы пакараная судом агулам на 50 базавых велічынь — 1 050 руб
29 верасня падчас чарговага наведвання Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, пенсіянерка пакінула ў Кнізе заўвагаў і прапановаў запіс наконт таго, каб Аляксандр Лукашэнка і кіраўнік адміністрацыі Прэзідэнта Аляксандр Касінец дапамаглі жанчыне аплаціць штрафы, што агулам складаюць больш за 525 долараў ЗША. Дарэчы, памер пенсіі спадарыні Любові — усяго 290 рублёў, або крыху болей за 145 даляраў.
У сваім звароце жанчына, між іншым, падкрэсліла: праз 15 гадоў адстойвання сваіх правоў яна зразумела, што ў нашай краіне жывуць добра толькі злодзеі, а тыя, хто змагаюцца супраць крадзяжу дзяржаўнай маёмасці, атрымліваюць звальненні і штрафы.
Трэба дадаць, што Любоў Санкевіч меркавала 29 верасня сустрэцца з Аляксандрам Касінцом, аднак ён у чарговы раз адмовіў пенсіянерцы ў прыёме.
Нагадаем, што былая бухгалтарка Бабруйскага заводу трактарных дэталяў і агрэгатаў Любоў Санкевіч адпрацавала на гэтым прадпрыемстве 12 гадоў і ў 2001 годзе была звольнена “за сістэматычнае невыкананне без уважлівых прычынаў абавязкаў, ускладзеных на яе працоўнай дамовай”. Трэба мець на ўвазе, што 11 з паловай гадоў ў Любоў Санкевіч былі выключна падзякі за добрасумленную працу. Прычэпкі да яе пачаліся са зменай кіраўніцтва прадпрыемства і мелі месца ў апошнія пяць месяцаў працы на заводзе.
Пятнаццаць гадоў жанчына спрабуе ўзнавіць свае парушаныя правы, бо лічыць звальненне неабгрунтаваным і незаконным. Пазіцыю спадарыні Санкевіч падтрымала Генеральная пракуратура, якая вынесла два пратэсты на рашэнне суду першай інстанцыі, адхіленых Вярхоўным судом Беларусі.
У свой час жанчына паверыла кіраўніку дзяржавы, які заклікаў грамадзянаў Беларусі беражліва ставіцца да дзяржаўнай маёмасці і змагацца з карупцыяй. Вось чаму яна і пачала выкрываць недахопы на прадпрыемстве, і менавіта за гэта, на яе меркаванне, была звольненая з працы.