З 78-гадовага інваліда незаконна пачалі забіраць штраф


З 78-гадовага інваліда другой групы Барыса Бабка з райцэнтру Крупкі, што ў Мінскай вобласці, пачалі незаконна забіраць штраф.

Барыс Бабок падчас акцыі 31 сакавіка

Барыс Бабок падчас акцыі 31 сакавіка


Гэта адбылося яшчэ да ўступлення ў законную сілу пастановы суддзі суду Цэнтральнага раёна Мінска Вікторыі Шабуні, якая 15 чэрвеня аштрафавала пенсіянера на 420 рублёў за ўдзел у несанкцыянаваным пікетаванні.
Нагадаем, што 31 сакавіка на сталічнай плошчы Свабоды Барыс Бабок разам з іншымі актывістамі Грамадзянскай ініцыятыва супраць беззаконнасці ў судах і пракуратуры  браў удзел у пікетаванні супраць адпісак чыноўніцтва на звароты грамадзянаў.
Пенсіянер абскардзіў пастанову суддзі першай інстанцыі ў Мінскім гарадскім судзе, дзе на 4 кастрычніка прызначаны разгляд касацыйнай скаргі спадара Барыса.  
Аднак 21 верасня ён даведаўся, што з ягонай пенсіі ў лік штрафу ўжо забраныя 110 руб. Ва ўпраўленні сацыяльнай абароны Крупскага райвыканкама інваліду выдалі копію пастановы суддзі Вікторыі Шабуні са штампам аб уступленні гэтага дакументу ў законную сілу.
Як падкрэсліла ў каментары НЧ юрыстка Тамара Сяргей, выпадак з Барысам Бабком яшчэ раз сведчыць: судовыя працэсы па такога роду адміністрацыйных справах ператвораны ў фармальнасць, і таму суддзя Вікторыя Шабуня ўпэўнена, што Мінскі гарадскі суд зацвердзіць яе пастанову.
Нагадаем, што інжынер-механік Барыс Бабок шмат гадоў узначальваў сельскагаспадарчыя прадпрыемствы Крупскага раёна, працаваў намеснікам старшыні Крупскага райвыканкама па будаўніцтве, за сваю добрасумленную працу адзначаны ордэнам “Знак Пашаны” і Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР.