«Пераходзіў мяжу ўначы з цеплавізарам, бачыў сілуэты». Студэнт-палітвязень уцёк ад «хіміі»

Асуджаны на 3 гады «хіміі» палітвязень Арцём Вінакураў уцёк з Беларусі ў Еўрасаюз. «Я не першы і не апошні», — распавёў уцякач «Свабодзе».

ca2a8dc1_227d_46b0_b837_1edb91db2923_cx0_cy4_cw0_w1023_r1_s.webp

Студэнта БДУІР судзілі за тое, што падчас лекцыі 26 кастрычніка ён заклікаў студэнтаў далучыцца да агульнанацыянальнага страйку. Справу завялі па звароце рэктара ўніверсітэту.

У інтэрвію «Свабодзе» Арцём Вінакураў расказаў, як уначы нелегальна пераходзіў беларуска-літоўскую мяжу і што з ім адбылося пасля.

13 красавіка меўся адбыцца апеляцыйны суд у крымінальнай справе Арцёма. Але ён вырашыў не ісці на пасяджэнне, а пакінуць Беларусь. Былы студэнт-палітвязень кажа, што знаходжанне на «хіміі» магло вельмі проста ператварыцца ў турэмнае, паколькі стаўленне да палітычных асуджаных там горшае. Для гэтага дастаткова трох парушэнняў.

«Была апраметная цемра. Гэта мне спрыяла»

Паколькі Вінакураў быў пад падпіскай аб нявыездзе, ён уцякаў з Беларусі ў абыход афіцыйных памежных пераходаў.

«Я пераходзіў мяжу недзе апоўначы. Была апраметная цемра. Гэта мне спрыяла, бо, як я нічога не бачу, так і, магчыма, беларускія памежнікі не змогуць мяне заўважыць. Гэта давала больш шанцаў перайсці мяжу або хаця б уцячы ад пагоні ці пераследу».

Да памежных вёсак Вінакураў дабіраўся паўдня на аўтобусе, каб не выклікаць падазрэнняў. А адтуль ужо пехатою ішоў у бок мяжы.

«Я пераканаўся, што ўсё спакойна. З сабою ў мяне быў цеплавізар, які вельмі дапамог. Было вельмі цёмна, а ўключаць ліхтарык нельга, за 3-4 кіламетры яго ўбачаць. Цеплавізар дапамог мне вызначыць, ці ёсць на тым адрэзку мяжы нарад. Бо яны залягаюць у нізіне і займаюць чакальную пазіцыю. Калі я пераканаўся, што няма перашкод, то пайшоў».

«Свяцілі моцныя пражэктары. Гэта было самае нервовае месца пераходу»

Адрэзак, які меўся пераходзіць Арцём, быў каля 2 кіламетраў. Прайсці яго заняло гадзіну. Давялося ісці полем і густым лесам.

«Лес ішоў па мяжы. Заставаліся апошнія 500 метраў. Гэта было вельмі складана і хвалююча. Недзе за кіламетр ад сябе я бачыў праз цеплавізар сілуэты людзей. Мяркую, што гэта былі беларускія памежнікі. Але не скажу дакладна, ці гэта пераследавалі мяне, ці яны проста патрулявалі. У вёсцы, якая была за пару соцень метраў ад мяжы, свяцілі моцныя пражэктары. Гэта было самае нервовае месца пераходу. Я там быў як на далоні ў полі. Але я здолеў прадзерціся, пералезці цераз плот і апынуцца на літоўскім баку».

«Яны з гэтай працэдурай знаёмыя, бо я не першы і не апошні»

Паўгадзіны Вінакураў чакаў каля мяжы на літоўскім баку. Пазней прыехалі літоўскія памежнікі. Арцём заявіў, што просіць у Літве міжнародную абарону.

«Яны з гэтай працэдурай знаёмыя, бо я не першы і не апошні. Яны адвезлі мяне на памежную заставу, там апыталі, далі торбу з ежай і сказалі адпачываць. На другі дзень мяне адвезлі на ковід-тэст і пасля негатыўнага выніку даставілі на другую заставу, дзе мяне ўжо апыталі іншыя службы, памежнікі і Дэпартамент міграцыі».

Але Вінакураў у выніку трапіў у Польшчу, бо меў польскую нацыянальную візу. Цяпер Арцём ва Уроцлаве, дзе падаў заяву на палітычны прытулак. Ён мае намер працягнуць адукацыю і падаць заяву на стыпендыяльную праграму імя Кастуся Каліноўскага. Гэта праграма для беларускіх студэнтаў, якія з палітычных матываў не могуць атрымаць адукацыю ў Беларусі. Фінансуе праграму польскі ўрад.

Арцём кажа, што будзе працягваць сваю дзейнасць у страйкаме БДУІР. Паводле былога студэнта-палітвязня, задачы яго і ягоных сяброў застаюцца нязменнымі: вызваленне палітвязняў, новыя справядлівыя выбары і адстаўка Аляксандра Лукашэнкі.