Ператрусы, паліграф, штрафы, звальненні нібыта па ўласным жаданні. Як ціснуць на медыкаў Бабруйску
Пра гісторыю медсястры піша Белсат.
Да былой медсястры Бабруйскага міжраённага анкалагічнага дыспансера Ілоны Златкінай міліцыя прыехала разам з МНС – хацелі ўзламываць дзверы, калі жанчына доўга не адчыняла. Пасля ператрусу бабруйчанку да вечара трымалі спачатку ў РАУСе, потым у Следчым камітэце. Яшчэ адну медсястру з Бабруйску – Ірыну Іванчыкаву – у той жа дзень запрашалі на размову наконт пагроз у тэлеграм-канале.
«Да дому пад’ехала пажарная, за дзвярымі пачалі заводзіць «балгарку»
Пераслед і рэпрэсіі ў дачыненні да абедзвюх бабруйскіх медсясцёр – Ілоны Златкінай і Ірыны Іванчыкавай – пачаўся яшчэ 4 кастрычніка, калі жанчын затрымалі падчас мірнага шэсця ў родным горадзе. Тады яны правялі ноч у ІЧУ, на наступны дзень іх судзілі, далі штрафы.
Ілона Златкіна працавала медсястрой аддзялення камп’ютарнай тамаграфіі ў Бабруйскім міжраённым анкалагічным дыспансеры. Амаль адразу пасля эпізоду з затрыманнем і судом ёй прапанавалі звольніцца. Жанчына не стала абвастраць сітуацыю і напісала заяву па згодзе бакоў.
23 снежня, калі Ілона з мужам былі дома, каля 11-й гадзіны раніцы раптоўна з’явілася міліцыя. Супрацоўнікі грукаліся ў дзверы. Як распавяла жанчына, яны з мужам спачатку вырашылі зрабіць выгляд, што дома нікога няма. Але праз некаторы час сужонкі пабачылі, як да іх дома пад’язджае пажарная машына, а пасля пачулі, як на лесвічнай пляцоўцы нехта «заводзіць балгарку». Каб пазбегнуць узлому дзвярэй, Ілона адчыніла.
Супрацоўнікі прад’явілі пастанову на вобшук, патлумачылі, што мусяць яго правесці ў рамках крымінальнай справы аб паклёпе на на галоўную лекарку Бабруйскай цэнтральнай больніцы Аксану Крупеніч. Маўляў, ёсць падазрэнне, што гэта менавіта Ілона размясціла ў нейкім тэлеграм-канале пасты пра тое, што па загадзе Крупеніч у Бабруйску звальняюць медыкаў.
У сям’і Златкіных забралі ноўтбук, флэшкі, у Ілоны канфіскавалі тэлефон.
«Мяне ўсю трэсла, а мне казалі – паліграф зашкальвае, бо я хлушу»
Пасля ператрусу Ілону павезлі ў аддзяленне міліцыі Ленінскага раёну г.Бабруйска, там апыталі на паліграфе.
«Я пагадзілася на дэтэктар, бо мне няма чаго хаваць, але тым не менш, мне ўвесь час падчас апытання спрабавалі давесці, што я хлушу, бо ў мяне там нешта «зашкальвае», – распавяла медсястра. – Дык а што яны хацелі ў такім стане, у якім я была? Мяне ўсю трэсла».
З РАУСа Ілону даставілі ў Следчы камітэт. Толькі там жанчыне патлумачылі, што яна праходзіць сведкай, а не падазраванай па крымінальнай справе аб паклёпе на галоўнаю лекарку Бабруйску. Следчы пацвердзіў, што справа ў размешчанай у Telegram інфармацыі, што нібыта бабруйскія медыкі звольненыя па загадзе Аксаны Крупеніч.
Ілона Златкіна кажа, што яна бачыла такія пасты ў Telegram, нават дзялілася імі з сябрамі, але сама іх не пісала.