Першакурсніца, якая апублікавала відэа пра загон на галасаванне: «Аднагрупнікі пачалі мяне цкаваць»
У пятніцу, 15 лістапада, ля галоўнага корпуса БДЭУ адбылася акцыя супраць прымушэння да датэрміновага галасавання студэнтаў, паведамляе «Свабода».
Агітацыйны пікет пачаўся аб 11 гадзіне і доўжыўся каля 30 хвілін. Акцыя прайшла ў межах пікету кандыдата ў дэпутаты Міхася Варанцова. Акрамя яго, удзельнічалі яшчэ каля сямі чалавек, у тым ліку студэнты БДЭУ. Усе яны — актывісты «Моладзевага блоку».
«Мы тут робім агітацыйны мітынг, — кажа кандыдат. — У тым ліку супраць загону студэнтаў на датэрміновае галасаванне. Ужо каля 20% усіх выбарнікаў прагаласавалі датэрмінова. У тым ліку студэнтаў. Сюды мы прыйшлі таму, што ў інтэрнэт трапіла відэа з загонам студэнтаў. Хочам падтрымаць дзяўчыну, якая выклала ролік».
Варанцоў гаворыць пра відэа, апублікаванае на сайце Свабоды ў сераду, 13 лістапада. На ім відаць, як выкладчыца ўніверсітэту настойліва пераконвае студэнтаў прагаласаваць менавіта датэрмінова. А таксама паведамляе, што калі студэнты гэтага не зробяць, то ў яе могуць быць непрыемнасці.
Ролік зняла на свой мабільны тэлефон і даслала ў тэлеграм-канал Свабоды першакурсніца Аліна Шмігель.
Яна таксама прыйшла на пікет і расказала, навошта здымала відэа.
«Наша куратарка паклікала нас на куратарскую гадзіну, — расказвае Аліна Свабодзе. — Калі я пачула, што яна заве 18-гадовых дзяўчат, то зразумела, што яна збіраецца нам расказваць, і вырашыла здымаць відэа. Пасля чаго даслала яго вам.
Вы выклалі ролік, дазваніліся да куратаркі, да дырэктара інстытута. Навошта я гэта зрабіла, вырашыла апублікаваць відэа? Я хацела паказаць, што выкладчыца насамрэч не вінаватая, не яна гэта прыдумала. Яна нам сказала — зрабіце гэта (прагаласуйце датэрмінова. — Рэд.), каб мяне потым не тузалі. Хто яе павінен тузаць, каму гэта трэба?
Калі вы дазваніліся да Лапцёнка (дырэктар інстытуту Аляксандр Лапцёнак. — Рэд.), ён сказаў, што ніякіх распараджэнняў не было. Чаму так адбываецца, чаму ніхто не кантралюе такіх рэчаў? Гэта жахліва, што такое адбываецца ў дзяржаве. Ціснуць не толькі на студэнтаў, на выкладчыкаў таксама ціснуць зверху».
Нягледзячы на тое, што СМІ не называлі імя аўтаркі відэа, Аліну «вылічылі» амаль адразу.
«Аднагрупнікі называюць мяне цяпер „пацуком“, — кажа яна. — Які ж я пацук? Я ж выканала свой грамадзянскі абавязак, у адрозненне ад іх. Узлаваліся на мяне. Кажуць, што калі ў іх праз мяне ўзнікнуць праблемы, то праблемы буду мець і я. Кажуць, што я падставіла чалавека. Я згодная, што гэта добрая выкладчыца, яна шмат для групы робіць. На яе проста ціснуць, і гэта жахліва. Я толькі гэта хацела сказаць. Я абураная тым, што так адбываецца. Не хачу, каб некага звальнялі з універсітэту цяпер. Справа не ў выкладчыках, справа ў сістэме».
Размоваў з прадстаўнікамі адміністрацыі ў Аліны пакуль не было. Затое дзяўчыну падтрымаў бацька. «Нават паціснуў мне руку», — кажа яна.