Сотні людзей прыйшлі на мітынг у Гомлі. Улады адключылі ім святло
У Гомлі 15 лістапада на паркоўцы ля гандлёвага цэнтру прайшоў супольны мітынг дэмакратычных кандыдатаў у дэпутаты.
![Мітынг у Гомлі Мітынг у Гомлі](/img/v1/images/1573846821_screenshot_10.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Мітынг у Гомлі
Паводле падлікаў сустаршыні БХД Віталя Рымашэўскага, удзел у акцыі ўзялі некалькі сотняў чалавек – некаторыя з іх удзельнічалі ад пачатку і да канца падзеі, іншыя – падыходзілі і праз некаторы час сыходзілі.
Палітык адзначыў, што ўлады адмыслова выключылі асвятленне, каб у цёмны час выпадковыя мінакі не ўбачылі мітынгу. Таксама яны перашкаджалі збіраць сцэну для выступу і не далі давезці гукаўзмацняльную апаратуру.
Відавочцы заяўляюць, што бачылі, як шэсць чалавек адмыслова адключалі святло.
«Гэта цемра – гэта сімвал беларускай улады. Гэта сімвал таго рэжыму, які сёння кіруе. Яны баяцца людзей панічна. Цемра – гэта іх імя», - заявіў Віталь Рымашэўскі.
Сустаршыня БХД таксама выступіў на мітынгу:
«Тое, што Ярмошына сёння творыць на выбарах, — гэта бязмежжа. Укіды, каруселі, выдаленне незалежных назіральнікаў з участкаў.Яны думаюць, што людзі гэта не бачаць, не разумеюць і не ведаюць. У нашай краіне ўлада адабрала наша галоўнае права – права абіраць сабе ўладу», — заявіў ён.
bchd.info