Павел Усаў: «Рэвалюцыі не робяцца клікам клавіятуры»

Доктар філасофскіх навук, палітолаг Павел Усаў у розных інтэрв’ю шмат разоў аналізаваў сітуацыю ў Беларусі і пагрозы, якія існуюць для нашай дзяржавы. З ім мы гутарым пра найбольш хвалюючыя і вострыя тэмы, якія цікавяць грамадзян, заангажаваных у палітыку.

im578x383_usov.jpeg

— Вы неаднаразова казалі, што змена ўлады ў Беларусі магчымая толькі ў выніку ўнутранай дэстабілізацыі краіны (эканамічнай і палітычнай). Якім чынам?

— Калі мы гаворым пра трансфармацыю аўтарытарнай сістэмы накшталт беларускай, то варыянтаў не так шмат. Першы з іх — гэта «рэвалюцыя», масавыя пратэсты і змушэнне кіроўнай эліты да палітычных пераменаў. Безумоўна, дзеля таго, каб пачаліся пратэсты, сацыяльна-эканамічная сітуацыя ў краіне павінна радыкальна пагоршыцца. Альбо калі ўлада пачне прымаць непапулярныя законы, як гэта было з «дэкрэтам №3», які прывёў да пратэстаў у 2017 годзе.

Аднак проста выйсці на вуліцу таксама недастаткова — гэта павінна быць масавая, салідарная і скаардынаваная акцыя беларускага грамадства, з яснай праграмай і стратэгіяй дзеяння, інакш пратэсты не будуць мець вынікаў. І гэта яшчэ не канец. У такі момант шмат будзе залежаць ад самой улады, ад яе разумення сітуацыі і гатоўнасці пайсці на саступкі і змены. У выпадку, калі кіроўныя эліты вырашаць змагацца за захаванне сваёй улады любымі сродкамі, то ў Беларусі можа паўтарыцца сцэнар Украіны ці Венесуэлы.

Другі сцэнар пераменаў — унутраная дэкансалідацыя ўлады, якая можа адбыцца ў выніку хваробы ці смерці аўтарытарнага лідара. Калі кіроўная група будзе не ўстане выпрацаваць эфектыўны механізм пераходу ўлады да іншага кіраўніка і ўтрымаць кантроль, накшталт таго, як гэта адбылося ва Узбекістане ці Азербайджане, адбудуцца сур’ёзныя змены ў кірунку дэмакратызацыі краіны.

Таксама патрэбна разуменне таго, што дзеля хуткага і эфектыўнага пераходу да дэмакратыі, да нармальных сацыяльна-эканамічных і палітычных адносінаў, неабходна наяўнасць кваліфікаванай апазіцыі (дэмакратычнай супольнасці). Проста зрынуць аўтарытарны рэжым недастаткова — трэба, каб да ўлады прыйшлі людзі-дзяржаўнікі, для якіх лёс краіны, яе будучыня стануць важнейшымі за нейкія прыватныя інтарэсы. Інакш Беларусь чакае працяглы ўнутраны крызіс і паўтор сітуацыі Украіны ці Малдовы, што таксама не выключае вяртанне да папулісцкага аўтарытарызму. Да таго ж мы не разглядаем фактару Расіі, якая, калі застанецца аўтарытарнай, не дазволіць, каб у Беларусі адбыліся дэмакратычныя перамены.

— У адным са сваіх інтэрв’ю вы выказаліся, што стварэнне агульных з Расіяй палітычных інстытутаў можа азначаць, што ў 2024 годзе Пуцін стане прэзідэнтам Саюзнай дзяржавы. Наколькі гэта рэальны сцэнар?

— Пытанне ў тым, наколькі рэальна Крэмль разглядае сцэнар, пры якім Пуцін будзе кіраўніком (суперпрэзідэнтам) Саюзнай дзяржавы. Улічваючы ўсе тыя геапалітычныя зрухі, якія маюць месца ў апошнія гады, імперскасць з боку Расіі ў знешніх адносінах і да таго падобнае, такога развіцця падзей выключаць нельга. Аўтарытарызм і імперскасць — два складнікі сённяшняй Расіі. Унутраная стабільнасць аўтарытарнай сістэмы Расіі магчымая пры новых геапалітычных перамогах і пашырэнні яе тэрыторыі. Як толькі ўлада ў Расіі перастае быць здольнай рэалізоўваць палітыку знешняй экспансіі, пачынаецца ўнутраны крызіс і распад. Беларусь — прывабны аб’ект, які можа забяспечыць палітычныя патрэбы расійскай аўтарытарнай улады. А гэта, у сваю чаргу, азначае, што Беларусь знаходзіцца ў вялікай небяспецы. У выніку рэалізацыі сцэнару наша краіна цалкам страціць сваю суб’ектнасць і вернецца да статусу рэспублікі часоў СССР. Канешне, як і тады, у краіне застануцца атрыбуты дзяржаўнасці, і нават прэзідэнт, але ўсе інстытуты і ўнутраная палітыка будзе кантралявацца і фарміравацца Масквой. Беларусы на доўгія гады зноў страцяць магчымасць распараджацца сваім лёсам.

1567965863_dfd_d_850.jpg


— Шмат хто не верыць у планы Расіі далучыць Беларусь. Сапраўднае далучэнне Беларусі для іх прадстаўляецца ў выглядзе расійскіх салдат на вуліцах гарадоў…

— Простыя беларусы, і нават некаторыя эксперты, не зусім правільна ўяўляюць, з якімі працэсамі мы маем справу. Трэба разумець, што гаворка ідзе не пра далучэнне да Расіі, інакш кажучы, захоп і акупацыю. Нават у Маскве ніхто не разглядае гэты сцэнар. Падобныя дзеянні з боку Расіі маглі б прывесці да непрадказальных вынікаў і вялікіх стратаў (палітычных, эканамічных і іншых).

Насамрэч, усё адбываецца на падставе дамоўленасцяў паміж Беларуссю і Расіяй, якія ў 1999 годзе запусцілі працэс інтэграцыі. Упэўнены, што шмат хто з беларусаў не супраць інтэграцыі, асабліва калі прапаганда кажа пра падабенства саюзнай інтэграцыі да еўрапейскай і паляпшэнне жыцця беларусаў у выніку інтэграцыі. Больш за тое, трэба памятаць, што з 1999 года мы дэ-факта ўжо жывем у Саюзнай дзяржаве, дзе функцыянуюць пэўныя агульныя палітычныя інстытуты ды іншыя атрыбуты: парламенцкі сход, саюзны бюджэт, Сталы Камітэт Саюзнай дзяржавы, адсутнасць мяжы паміж дзяржавамі...

Зараз Масква жадае праціснуць усе тыя пункты саюзнай дамовы, у тым ліку і палітычныя, якія дазволяць падпарадкаваць Беларусь без нейкай вайсковай экспансіі і нябачна для большасці беларусаў. Пры гэтым беларускія ўлады прыхоўваюць інфармацыю пра праграму паглыбленай інтэграцыі, якая павінна быць падпісаная 8 снежня. Усе дзяржаўныя медыя таксама захоўваюць маўчанне, нібы праблемы ніякай няма.

Лічу, што Лукашэнка і яго атачэнне вераць, што, падпісаўшы дакументы, змогуць сабатаваць іх рэалізацыю. Гэта прыклад палітычнага авантурызму і безадказнасці, бо гульні з Расіяй вельмі небяспечныя. Ва ўмовах маўчання з боку афіцыйнага Мінску, адзінае, што застаецца, — гэта інфармацыйная актыўнасць незалежных СМІ, грамадскіх арганізацый і дэмакратычнай супольнасці, якая павінна разварушыць нашае грамадства і прымусіць улады спыніць інтэграцыю.

— Для супрацьстаяння інтэграцыі ствараюцца новыя ініцыятывы («Свежы вецер»), Мікалай Статкевіч заклікае выходзіць на плошчу. А ці можна грамадзянам рэальна супрацьстаяць страце незалежнасці?

— Цяпер мы маем крытычную сітуацыю, момант праўды, таму вельмі важна не быць пасіўным назіральнікам. Самі па сабе ніякія ініцыятывы, нават добрыя і важныя, не змогуць змяніць сітуацыі, калі большасць грамадзян не будуць успрымаць незалежнасць краіны як найвышэйшую каштоўнасць, калі яны не будуць актыўна падключацца да гэтых ініцыятыў. Мітынгі, пікеты, дэманстрацыі — гэта метады непасрэднага праяўлення волі народа. Арганізоўваць і праводзіць іх варта, каб беларуская ўлада і Крэмль бачылі, што беларусы гатовыя бараніць незалежнасць сваёй краіны. Трэба паказаць Маскве, што кошт «інтэграцыі» Беларусі будзе непрымальным і катастрафічным для Расіі. Але пакуль мы бачым вялізныя натоўпы нашых грамадзян толькі падчас раздачы бургераў расійскім «музыкам».

— Вы крытыкуеце нашу слабую апазіцыю, яе ўдзел у выбарах і робіце выснову, што грамадзяне могуць зрабіць толькі адно — не пайсці на фальсіфікаваныя выбары (гутарка адбывалася да 17 лістапада — заўв. рэдакцыі).

— Удзел у фальсіфікаваных выбарах нічога не дае апазіцыі. Гэта не прыводзіць да яе ўзмацнення і папулярнасці, гэта не прыводзіць да мабілізацыі грамадства і да супраціву. У выніку ўдзельнікі выбараў пераўтвараюцца ў элемент маніпуляцый, яны становяцца дэкарацыяй і спрыяюць падману выбарцаў. Калі б апазіцыя агулам прадэманстравала, што не будзе ўдзельнічаць у «выбарах», пакуль не будуць створаны нармальныя ўмовы, сэнсу было б больш. Але лягчэй удзельнічаць у фальсіфікаваных выбарах, чым дамагацца вяртання праў­дзівых выбараў.

Канешне, няўдзел — гэта, хутчэй, маральны супраціў палітычнаму падману і хлусні. Іншы спосаб праявіць грама­дзянскую пазіцыю — выйсці на вуліцу. Але папярэдні досвед пратэстаў 2006, 2010, 2011 гадоў паказаў, што без яснай стратэгіі дзеяння і каардынацыі, без непасрэднай канфрантацыі з уладамі пратэст не прынясе выніку. Нават тыя 100 тысяч, якія выйдуць на Плошчу, павінны ведаць, што рабіць.

Улічваючы, што зладзіць пратэст, які будзе мець вынікі, пакуль немагчыма, дый няма каму, адзінае, што можна зрабіць простым грамадзянам, — масава сабатаваць галасаванне. Уладам вельмі важна паказаць, што большасць грамадзян падтрымліваюць сістэму, дзеля гэтага ствараецца малюнак «высокай яўкі», дзеля гэтага нават афіцыйна забаронены «байкот».

Безумоўна, у аўтарытарнай сістэме выказваць і бараніць сваю грамадзянскую пазіцыю цяжка. У дзяржаве створаныя ўмовы, пры якіх асоба фактычна застаецца сам-насам з сістэмай. Супраціўляцца, трымацца сваёй пазіцыі ці падпарадкавацца — гэта, перш за ўсё, уласны выбар кожнага чалавека. Не трэба забываць і тое, што ўся сістэма рэпрэсій і фальсіфікацый складаецца з людзей, суграмадзян, якія зрабілі свой выбар. Яны выбралі камфорт, узнагароду і адмовіліся ад тых каштоўнасцяў, якія робяць чалавека Чалавекам.

Другі момант — калектыўная салідарнасць, узаемападтрымка, якія могуць дапамагчы абараніць усіх і кожнага. Калі студэнты, настаўнікі, працоўныя зразумеюць, што разам яны — сіла, што калектыўная салідарнасць зламала нямала сістэмаў, ніхто не зможа іх прымусіць. Лакальная салідарнасць перарастае ў палітычную — і гэта адзіны шлях да пераменаў.

Канешне, не варта чакаць нейкіх радыкальных зрухаў у грамадстве і масавага руху. Відавочна, што ёсць запыт на перамены, ёсць запыт на новых палітыкаў і грамадскіх дзеячаў. Больш за тое, напэўна, ёсць вялікая колькасць лю­дзей, гатовых выйсці на вуліцу. Аднак дзеянне ў рэальнасці патрабуе сур’ёзнага падыходу, падрыхтоўкі і працы. Рэвалюцыі і перамены не робяцца клікам клавіятуры. Тым не менш, той факт, што грамадства паступова змяняецца, дае нашай краіне надзею.