Песня пад Акрэсціна — форма пратэсту. Так вырашыў суд і прызначыў аграмадны штраф
За ўключаную песню «Перемен» Цоя пад Акрэсціна жанчыну аштрафавалі на 2880 рублёў. Суддзя прызнала песню формай пратэсту.
У судзе Маскоўскага раёна Мінска 1 лютага адбыўся суд над Юліяй Харытановіч. У канцы студзеня жанчына разам з былым мужам і дзіцём знаходзіліся ў машыне каля ЦІПа на Акрэсціна. Згодна з пратаколам, яна «ўключыла песню Віктара Цоя «Перемен» з мэтай выказвання сваіх грамадска-палітычных поглядаў». Віну сваю жанчына не прызнала, бо сцвярджае, што песню ўключыла выпадкова, паведамляюць праваабаронцы.
Згодна з рапартам міліцыянта, сілавікі не паспелі адразу затрымаць Харытановіч, бо яна з’ехала да таго, як тыя прыехалі на «месца здзяйснення правапарушэння».
Да матэрыялаў справы міліцыянты далучылі і пратакол агляду YouTube са скрыншотамі відэаматэрыялаў, у назве якіх ёсць слова «Перемен», па якіх яны зрабілі выснову, што гэтая песня — сімвал пратэсту.
Суддзя Таццяна Мотыль адзначыла, што спяваць або слухаць «Перемен» — значыць «выкарыстоўваць яе як форму пратэсту, што відавочна сведчыць аб выказванне канкрэтных грамадска-палітычных поглядаў альбо пратэсту».
У выніку суддзя Мотыль прызнала маці непаўнагадовага дзіцяці вінаватай паводле артыкула 24.23 КаАП (несанкцыянаванае пікетаванне) і аштрафавала яе на 2880 рублёў (90 базавых велічыняў).