Перамагчы Сістэму

Супрацоўнік сілавога ведамства Андрэй Мініч дабіўся ў судзе адмены пастановы Следчага ўпраўлення УУС Мінаблвыканкама аб спыненні крымінальнага пераследу і папярэдняга расследавання па крымінальнай справе дактароў Жодзінскай цэнтральнай гарадской бальніцы Пціцынай і Ягоравай.



the_matrix_11347.jpeg

Пра судовыя пошукі справядлівасці Андрэя Мініча «НЧ» пісаў у артыкуле «Сваіх не здаюць». Нагадаем, у ліпені 2007 года маці Андрэя Рэгіна Антонаўна Мініч памерла ў рэанімацыйным аддзяленні Жодзінскай гарадской бальніцы. Дактары сказалі, што прычынай смерці стаў рак нявыяўленай формы, але ў пасведчанні аб смерці ў графе, дзе пазначаецца прычына, быў прочырк. У тым жа 2007 годзе Рэгіна Антонаўна неаднаразова звярталася да дактароў з-за пагаршэння здароўя. Андрэй Мініч перакананы: калі б была своечасовая дыягностыка, яго маці магла б пражыць яшчэ не адзін год.
Андрэй падаў заяву ў ГАУС Жодзіна 15 красавіка 2008 года. У лістападзе 2008 года была заведзена справа па прыкмеце злачынства паводле ч. 2 артыкула 162 Крымінальнага кодэкса Беларусі (неналежнае выкананне прафесійных абавязкаў медыцынскім работнікам, якое пацягнула па неасцярожнасці смерць пацыента; караецца абмежаваннем волі на тэрмін да пяці гадоў або пазбаўленнем волі на той жа тэрмін з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю або без пазбаўлення).
Але з-за «злачыннай бяздзейнасці», як кажа Мініч, старэйшага следчага па асабліва важных справах СУ Мінаблвыканкама падпалкоўніка міліцыі А. У. Канцавога, намесніка начальніка СУ Мінаблвыканкама падпалкоўніка С. Л. Буткоўскага папярэдняе расследаванне ішло марудна, а потым увогуле было спынена, бо ў дзеяннях урачоў не было складу злачынства.
Пасля шэрагу скаргаў па інстанцыях Андрэй Мініч нарэшце дамогся, каб пракуратура Мінскай вобласці адправіла крымінальную справу на аднаўленне папярэдняга расследавання. А суд Фрунзенскага раёна Мінска ўвогуле вынес вердыкт на разгляд скаргі Мініча аб спыненні крымінальнага пераследу і папярэдняга расследавання па крымінальнай справе.
«Высновы, зробленыя ў пастанове следчага аб тым, што дзеянні ўрачоў не знаходзяцца ў прычыннай сувязі са смерцю, аб тым, што сыход быў бы такім незалежна ад таго, ці выявілі б дактары пухліну, грунтуецца на меркаваннях і не атрымаў належнай прававой ацэнкі», — гаворыцца ў пастанове суда. Адпаведна суд адмяніў рашэнне аб прыпыненні крымінальнага пераследу ўрачоў Пціцынай і Ягоравай па ч. 2 арт. 162 КК. Справа адпраўлена на даследаванне.
Андрэй гэтай перамозе шчыра радуецца, бо яму ўдалося спыніць «злачынную бяздзейнасць людзей, якія мусяць адказваць за ўстанаўленне законнасці і справядлівасці».
«Звычайна грамадзяне ў сілу сваёй невысокай прававой падрыхтаванасці не могуць прайсці столькі інстанцый, каб дамагчыся выканання сваіх правоў. Таму я рады, што змог гэтых людзей (найперш Буткоўскага і Канцавога) «зрэзаць пад корань», — кажа Мініч.
Але крымінальная справа з медыцынскім ухілам яшчэ не завершаная, таму будзем сачыць за развіццём падзей.