Пікетаваў з дапамогай БЧБ-карціны «Барсук» і чахла на тэлефоне з «Пагоняй». За што мужчыну далі 15 сутак
Намесніка дырэктара мінскага бара «Барсук» арыштавалі паводле артыкула 23.34. Затрыманне адбылося на працоўным месцы.
Супрацоўнікі крымінальнай міліцыі затрымалі 19 лютага Мікалая Пекара на працоўным месцы ў мінскім бары «Барсук», піша «Вясна». На яго склалі пратакол па арт. 23.34 КаАП за тое, што «пікетаваў з дапамогай БЧБ-карціны "Барсук", налепкі "Пзіхо3%" і чахла на тэлефоне з "Пагоняй"». Што характэрна, гэтая карціна з’яўляецца падарункам наведвальніка бара.
Суд над Мікалаем адбыўся сёння, у судзе Кастрычніцкага раёна
Мінска. Сваю віну мужчына на судзе не прызнаў і сказаў, што асабіста ён гэтую
карціну не вывешваў.
На судзе стала вядома, што ў пратаколе сведкам быў
беспрацоўны «Дзятлаў», але адвакат заўважыў, што ён жа — і супрацоўнік
крымінальнай міліцыі, які затрымліваў бармэна, і асоба, якая вяла
адміністрацыйны працэс і складала рапарт: чатыры ў адным. Усё гэта павінны
выконваць розныя людзі.
Нягледзячы на тое, што ў Мікалая
Пекара на ўтрыманні двухмесячнае дзіця, суддзя Вольга Няборская асудзіла яго на
15 сутак.