Пікет у абарону правоў дзяцей прайшоў у Берасці (фота)
Яго ініцыятарам выступілі прадстаўнікі прафсаюзаў радыёэлектроннай прамысловамі сумесна з партыя левых “Справядлівы свет” і іншымі прадстаўнікамі дэмакратычнай супольнасці.
Мерапрыемства прайшло ў дазволеным уладамі месцы — парку воінаў-інтэрнацыяналістаў і сабрала 15 удзельнікаў.
Адная з галоўных арганізатарак пікету, старшыня рэгіянальнага аддзялення прафсаюзаў РЭП Зінаіда Міхнюк упэўненая, што ў дазволе на мерапрыемства ёсць як плюсы, так і мінусы:
— Гэта ўжо хоць маленькая, але перамога, што нам дазволілі гэты пікет. Ён не ў цэнтры горада, і не ў гарадскім парку — гэта ўжо іншае пытанне.
Старшыня Берасцейскай гарадской арганізацыі партыі левых “Справядлівы свет” Людміла Дзенісенка перакананая, што такія мерапрыемствы дапамагаюць актуалізаваць сацыяльна вострыя пытанні, пра якія замоўчваецца:
— Мы раздаем шарыкі, віншуем людзей са святам. Сёння ўсё ж дзень абароны дзяцей, і мы просім у нашай дзяржавы: больш дзіцячых садкоў, болей школ, болей дашкольных установаў, павялічыць заробак педагогам. І тады мы не будзем праводзіць пікетаў, мы будзем разумець, што дзяржава клапоціцца.
Падчасе правядзення пікету таксама былі раздадзеныя інфармацыйныя друкаваныя матэрыялы. Перашкодоў з боку супрацоўнікаў праваахоўных ворганаў не было.