Пяціметровы снегавік з бел-чырвона-белым сцягам і «Пагоняй»
На Гомельшчыне зляпілі снегавіка вышынёй у пяць з паловай метра. І ўпрыгожылі яго бел-чырвона-белым сцягам ды "Пагоняй".
У вёсцы Глушкавічы Лельчыцкага раёна з'явіўся незвычайны снегавік, піша «Еўрарадыё». Жыхары вёскі на Гомельшчыны зляпілі снегавіка вышынёй у 5,5 метра ды аздобілі яго нацыянальнай сімволікай — бел-чырвона-белым сцягам і гербам "Пагоня".
Фотаздымак незвычайнай фігуры і яго аўтараў абнародаваў Віктар Снегур.
Дарэчы, ляпіць снегавіка ў Беларусі можа быць даволі небяспечна, нагадвае "Еўрарадыё". Так, 30 студзеня ў Брэсцкім раённым судзе асудзілі да штрафу Юлію Нічыпарук. Яе абвінавацілі ў несанкцыянаваным пікетаванні за тое, што павесіла ўлёткі і налепкі супраць пабудовы акумулятарнага завода на снегавікоў, якіх зляпілі яе дзеці. Юлія тады сказала, што не лічыць сябе вінаватай: «Дзеці папрасілі ўпрыгожыць снегавікоў, што было — тое і наляпілі. Сэнс улётак і налепак адлюстроўвае наша стаўленне да завода. Мы катэгарычна супраць пабудовы завода ў гэтым месцы. З пратаколам не згодная».