Пенсіянеркі з Бабруйску і Салігорску жадаюць пікетаваць на Дзень правоў чалавека

25 лістапада Валянціна Каваленка і Любоў Санкевіч з Бабруйску (Магілёўская вобласць), а таксама Галіна Краснагір з Салігорску (Мінская вобласць) падалі ў адпаведныя мясцовыя органы выканаўчай улады заяўкі на правядзенне пікетавання 10 снежня.



human_rights_day.jpg

Грамадзяне вымушаныя былі зрабіць гэта з-за таго, што іншымі сродкамі не могуць вырашыць набалелую праблему адпісак з дзяржаўных структураў і ад дэпутатаў парламенту на свае надзорныя скаргі і надзорныя скаргі сваякоў.
Згодна артыкулу 40 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, «Кожны мае права накіроўваць асабістыя або калектыўныя звароты ў дзяржаўныя органы. Дзяржаўныя органы, а таксама службовыя асобы абавязаны разгледзець зварот і даць адказ па сутнасці ў вызначаны законам тэрмін. Адмова ад разгляду пададзенай заявы павінна быць пісьмова матываванай».
Як адзначыла ў каментары карэспандэнту НЧ Любоў Санкевіч, жанчын вельмі абурыў той факт, што парламентарыі адмовіліся прадстаўляць інтарэсы грамадзян і пачалі проста адпісвацца ад людзей, як гэта робяць чыноўнікі. «А дэпутаты Жанна Мішур, Мікалай Плаксіцкі і Яўген Абаленскі прыпынілі перапіску са сваімі выбаршчыкамі», — сказала Санкевіч.
Жанчыны мяркуюць выйсці на пікетаванне з плакатамі наступнага зместу: «Дэпутаты не абараняюць правы і інтарэсы народа, а дагаджаюць чынавенству!», «Чыноўнікі і дэпутаты схаваліся ад народа за плотам адпісак». Трэба мець на ўвазе, што пенсіянеркі збіраюцца праводзіць пікетаванне самі і на ўласныя сродкі.
Нагадаем, што Дзень правоў чалавека з 1950 году адзначаецца па прапанове Генеральнай Асамблеі ААН 10 снежня. У гэты дзень у 1948 годзе Генеральная Асамблея ААН прыняла Усеагульную дэкларацыю правоў чалавека.