Пётр Кузняцоў: Пакінуць краіну з камфортам на самалёце — гэта не пра сыход ад рэальнага пераследу
Рэдактар «Моцных навін» Пётр Кузняцоў падзяліўся меркаваннем пра авіяблакаду Беларусі.
Шчыра кажучы, я не разумею выказванняў і думак пра тое, што авіяблакада, маўляў, ударыць па апанентах рэжыму, якія не змогуць выратавацца ад рэпрэсій.
Я разумею, што калі хтосьці ўжо трапіў на мушку, то аэрапорт — гэта апошні варыянт, які мае права разглядацца як магчымасць схавацца, бо чалавека, супраць якога працэсы ўжо запушчаны, там сцапаюць імгненна і немінуча.
Пакінуць краіну з камфортам на самалёце — гэта крыху іншая гісторыя, гэта не пра сыход ад рэальнага пераследу. Слабыя нервы, перастрахоўкі, працоўную рэлакацыю і іншыя фактары таксама ніхто не адмяняў. Але гэта не пра такіх, хто суткамі прабіраўся праз лясы і нелегальна трапляў у ЕС, ад'язджаў кантрабандысцкімі сцежкамі праз Расію, ды і ці мала як яшчэ — прыкладаў шмат.
Развагі такога роду ( «Дзеянні Еўропы шкодзяць апанента рэжыму») — цікавы парадокс. Трэба, маўляў, пакідаць усё як ёсць і ні на што не рэагаваць нават не ўзамен на змяненне палітыкі і практыкі, а проста каб засталася магчымасць бегчы. Дзіўна гучыць. Тым больш, што і рэальна бегчы праз аэрапорт на самой справе немагчыма, а калі і магчыма, то дзякуючы збегу абставін, выпадковасцей і ў выглядзе выключэння.