Польскага лукашыста і антысеміта з роліка Дудзя будуць судзіць за напад на беларуса ў Быдгашчы

Вядомы польскі ксенафоб Войцэх Альшаньскі напаў на беларуса з пярцовым балончыкам у Быдгашчы ў мінулым годзе, а ў хуткім часе павінен адбудуцца суд. Пра гэта паведамляе выданне M*OST са спасылкай на epoznan.pl.

vojceh_zahodnjak.jpg

Войцэха Альшаньскага абвінавачваюць у нападзе на беларуса з-за яго нацыянальнасці. Альшанскі распыліў пярцовы балончык у твар беларусу, а ў інтэрнэце заклікаў да нападу на беларусаў.

Гэты выпадак адбыўся ў канцы траўня 2021 года ў Быдгашчы. Пасля мітынгу палякаў і беларусаў у падтрымку беларусаў, якія пераследуюцца рэжымам Лукашэнкі, Альшаньскі два разы пырснуў пярцовым балончыкам у твар беларускаму студэнту Глебу Вайкулю. Пазней Альшаньскі апублікаваў ролік з нападам у інтэрнэце.

Гэта не адзінае абвінавачванне да Альшаньскага. Яго таксама абвінавачваюць у тым, што ён сцвярджаў аб «атручванні» габрэямі польскіх палітыкаў, што прывяло да «заняволення польскага народа». На выступах, дзе ён рабіў такія прамовы, ён быў апрануты ў форму з знакамі СС. Таксама адно з абвінавачванняў — напад на журналіста і дэпутата Сейма.

Яму пагражае да двух гадоў пазбаўлення волі. Мужчына сваю віну не прызнае.

Войцех Альшаньскі стаў вядомы ў 2016 годзе дзякуючы ролікам на YouTube. Ён з'яўляецца аўтарам відэа, поўных антысемітызму і ксенафобіі. Альшаньскі падтрымлівае Пуціна і Лукашэнку, а таксама адмаўляе існаванне каронавіруса, называючы ковід падкантрольным войску ЗША.

Альшаньскі фігураваў у роліку расійскага журналіста Юрыя Дудзя пра каманду N*XTA. Мужчына выказваўся і пра лідарку дэмакратычных сіл Беларусі Святлану Ціханоўскую, назваўшы яе «габрэйскай паненкай».