Польшча абвергла абвінавачанне ў парушэнні беларускай мяжы

Польшча зняпраўдзіла абвінавачанне ў парушэнні мяжы з Беларуссю. Увечары 12 красавіка польскія вайсковыя самалёты не выконвалі палётаў паблізу беларускай мяжы, паведаміла аператыўнае камандаванне польскіх Узброеных сіл.

belarus_border_granica_stolb.jpg


«Праводзіцца пастаянны маніторынг паветранай прасторы. Ваенныя самалёты ўвечары 12.04 бягучага года не выконвалі палётаў паблізу дзяржаўнай мяжы паміж Польшчай і Беларуссю», — паведамляюць naviny.online са спасылкай на Twitter польскага ваеннага ведамства.

Міністэрства абароны Беларусі паведаміла, што ўвечары 12 красавіка неўстаноўленае паветранае судна парушыла беларускую мяжу і вярнулася ў Польшчу. У сувязі з інцыдэнтам у міністэрства быў выкліканы аташэ па пытаннях абароны пры польскай амбасадзе. Яму было заяўлена пра «неабходнасць правядзення разгляду па дадзеным факце і інфармавання беларускага боку аб яго выніках».